Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАРОДНАЯ ГРАМАДА” ПРАПАНУЕ АПАЗЫЦЫІ ЎЛАСНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ АБ’ЯДНАНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Цэнтральны камітэт БСДП “Народная грамада” прапанаваў у рамках дамовы ўсім апазыцыйным сілам адмовіцца ад узаемнай публічнай крытыкі, разам удзельнічаць у агульнай сыстэме назіраньня за выбарамі й скаардынавана вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. А таксама супольна падтрымліваць кандыдатаў ад апазыцыі, якія трапяць у другі тур. Чаму сябры “Народнай грамады” выступілі з такой прапановай, скіраванай найперш да прадстаўнікоў кааліцыі “5+”, распавядае лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што гэта прывядзе да большай кансалідацыі апазыцыі. А ўрэшце да канкрэтных супольных дзеяньняў у тых сфэрах, якія відавочныя. Самае лепшае, што збліжае — гэта нейкая сумесная дзейнасьць. Трэба пачаць. І акрамя таго ёсьць яшчэ адна тэма — магчымага рэфэрэндуму. І вельмі дзіўна, што няма агульнага мэханізму супрацьстаяньня магчымаму рэфэрэндуму, няма ніякіх стратэгіяў. Чаму іх няма? Трэба перастаць, як кажуць разьдзьмуваць шчокі, і садзіцца за адзін стол. Мы даўно ўжо гатовыя”.

“Народная грамада” разам з “Хартыяй-97” і шэрагам іншых грамадзкіх арганізацыяў уваходзіць у эўрапейскую кааліцыю “Свабодная Беларусь”. Паводле Міколы Статкевіча, да кааліцыі “5+”, у якую уваходзяць БНФ, АГП, БСДГ, ПКБ, Партыя працы і грамадзкія арганізацыі, ягоная партыя не далучылася таму, што лідэры гэтай кааліцыі нібыта не хацелі весьці зь ім ніякіх перамоваў. Лідэры “5+” гавораць, што гэта ня так. Да новай прапановы “Народнай грамады” прадстаўнікі “5+” паставіліся даволі скептычна. Гаворыць намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Вельмі дзіўна выглядае, калі столькі часу было патрачана на тое, каб дамовіцца аб аб’яднаньні. Людзі не аб’ядналіся, не захацелі гэтага зрабіць, хаця дзьверы для іх дагэтуль адчыненыя, і ня хочуць рабіць. І хочуць, каб у кожнай акрузе былі не адзіныя кандыдаты ад дэмакратычных сілаў, а ад тых, хто аб’яднаўся, і ад іх — на роўных правах. Мне гэта не падабаецца і падаецца вельмі няшчырым. Мне здаецца, спадару Статкевічу такія дамовы патрэбныя, каб захаваць твар. Таму што наўрад ці хто разумее, чаму ён, як кіраўнік партыі, ня хоча аб’ядноўвацца з усімі дэмакратычнымі сіламі”.

Тым ня менш, на думку Аляксандра Дабравольскага, інтарэсы дэмакратычных пераменаў у Беларусі патрабуюць аб’яднаньня, таму прадстаўнікі “5+” будуць думаць над прапановамі “Народнай грамады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG