Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ МУЗЫЧНАГА 2003 ГОДУ: НАГОДА ДЛЯ АПТЫМІЗМУ? ПЕРАДАЧА ДРУГАЯ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

перадача першая

(Зьміцер Падбярэскі: ) “У 2003 годзе можна было адзначыць і наступнае: пэўны рост колькасьці выканаўцаў, якія ці не ўпершыню пачалі пісаць песьні на беларускай мове”.

(Тацяна Заміроўская: ) “Наадварот, мне здавалася, што зьявілася больш выканаўцаў, якія пачалі пісаць музыку чамусьці на ангельскай мове. Я кажу менавіта пра маладыя гурты: чамусьці такіх вось варыяцыяў на тэму “Radiohead” за апошні год зьявілася вельмі шмат”.

(Аляксандар Памідораў: ) “Ну, гэта мода і гэта ўсё часова! А наконт беларускай мовы… Цікавая сытуацыя, можа быць, атрымалася з “Нэйра Дзюбэлем”, калі цалкам расейскамоўны гурт, зьезьдзіўшы на “Басовішча”, на другое “Басовішча” ў гэтым годзе музыканты прыехалі ўжо проста як каралі: ужо з мовай усё! І яны ўжо паказалі тую праграму, якую цяпер будуць пісаць цалкам на беларускай мове. Я за палімоўнасьць. Калі чалавек ня будзе замыкацца толькі ў ангельскай мове ці расейскай. На ангельскай пісаць лягчэй за ўсё, бо для нашай краіны гэтая мова няродная”.

(Заміроўская: ) “Нейкая штучнасьць у гэтым усё ж такі ёсьць: некаторыя расейскамоўныя ці ангельскамоўныя гурты свае праграмы робяць такімі нейкімі як бы дублюючымі, перакладаючы свае песьні і на беларускую мову. Цяпер яны пачынаюць ужо разумець, што сьпяваць на беларускай мове — гэта ўсё ж модна, можна паехаць на “Басовішча”, можна разьвівацца кудысьці”.

(Памідораў: ) “Гэта і справа кан’юнктуры. Напрыклад, група “Deadmarsh”, якая таксама альбо не сьпявала па-беларуску, альбо выконвала песьні па-расейску. Цяпер у яе такія беларускамоўныя тэксты, што ого-го!”

(Заміроўская: ) “Як і “IQ 48” таксама…”

(Памідораў: ) “Гэта — ідэальна палімоўная каманда! Яны абсалютна шчыра робяць і беларускамоўныя песьні, і па-расейску, у іх няма гэтага вось затыку наконт мовы. Я вельмі люблю гэты гурт, у іх у праграме, у канцэртовых выступах прысутнічае прыкладна як у пастанове Міністэрства інфармацыі — пяцьдзясят на пяцьдзясят, у іх усё, знаеце, усё правільна ў іх!”

(Падбярэскі: ) “Ты вось, Аляксандар, закрануў яшчэ адну тэндэнцыю. Пачалі адыходзіць у лепшы сьвет, спадзяюся, музыкі той генэрацыі, якія пачыналі гісторыю рок-жанру ў Беларусі. У 2003 годзе мы страцілі знакавую постаць — Уладзімера Мулявіна, ягонага калегу па “Песьнярах” Уладзімера Бяляева, лідэра, па сутнасьці, групы “Сузор’е” Валянціна Пучынскага. Тым ня менш, жыцьцё працягваецца, на зьмену вэтэранам прыходзіць моладзь. Надзвычай удалае выступленьне на дзіцячым конкурсе “Эўрабачаньня” Вольгі Сацук — што гэта, на вашую думку, усяго толькі выпадковы факт ці ўсё ж тэндэнцыя?”

(Памідораў: ) “Гэта абсалютна невыпадковы факт! Бо хто аўтар той песьні? Давайце назавем аўтара! Пятнаццацігадовая дзяўчынка. А дзе ж нашыя праслаўленыя мэтры з Саюзу кампазытараў? Аўтарка тэксту хто? Таксама яна. А дзе ж нашыя праслаўленыя мэтры з Саюзу пісьменьнікаў? Усё, няма! Бо прыходзяць ужо новыя людзі зь іншым адчуваньнем музыкі. Але вось наконт таго, што ўжо атрымліваецца з гэтай песьняй. Я ўжо бачыў па беларускай тэлевізіі гэтую песьню ў выкананьні немаведама якой дзеўкі і на расейскай мове!”

(Падбярэскі: ) “Наш адказ “Эўрабачаньню”! Там мы беларусы, а тут мы…”

(Памідораў: ) “А тут мы — расейскія! “Танцуй, танцуй, ля-ля-ля-ля!” Аж брыдка слухаць! Як прыгожа гэтая песьня гучала на беларускай мове і як мярзотна яна выглядае па-расейску. А наконт таго, што там Беларусь прабіваецца на “Эўрабачаньне”, выходзіць на эўрапейскую прастору… Ну, калі-небудзь мы мусім! Сыграць два канцэрты на “Басовішчы” — гэта яшчэ ня значыць выйсьці ў Эўропу, бо “Басовішча” — гэта лякальны фэстываль нацыянальнай меньшасьці ў Польшчы, як ні круці. Турнэ па Эўропе, я лічу, у нас робяць толькі “Drum Extasy” і “Тройца”, “Палац” стала езьдзіць. Але гэта ўсё адно па мерапрыемствах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Запатрабаваны там усё ж больш фальклёр. А музыкам поп-жанраў ці рок-жанраў, каб выбіцца ў Эўропе, трэба спрабаваць. Вось гэтыя малыя паспрабавалі, і ў іх атрымалася. Якое там месца занялі, трэцяе? Чацьвертае! Гэта нармальна. Для краіны, якая ніколі ня ўдзельнічала наогул, якая не прадстаўленая, адразу заняць чацьвертае месца — гэта супэр!”

(Падбярэскі: ) “Якія, як вы думаеце, тэндэнцыі з адзначаных намі сёньня ў гутарцы, могуць атрымаць працяг?”

(Заміроўская: ) “Я лічу, што ўсё ж будзе працягвацца гэтая тэндэнцыя да дасягненьня ўсяго самастойна з боку маладых гуртоў. Бо хадзіць, скардзіцца, казаць, што нічога не атрымліваецца, што краіна ня тая, і людзі ня тыя… Мабыць, можа так атрымацца, што Беларусь будзе ўсё ж такі засылаць нейкім чынам сваіх прадстаўнікоў на ўсемагчымыя фэстывалі — ня толькі на такія вось лякальныя, але і на тое ж “Эўрабачаньне”, і што гэта будзе ўсё ж нешта больш-менш прыстойнае. Ёсьць жа там “Аляксандра і Канстанцін” ці яшчэ нехта, ня ведаю…”

(Памідораў: ) “Не, “Аляксандра і Канстанцін” не паедуць…”

(Заміроўская: ) “Ёсьць яшчэ гэтае дзяўчо… як яе… Карыяна!”

(Падбярэскі: ) “Я ўсё ж кажу пра тэндэнцыі…”

(Заміроўская: ) “Яшчэ я заўважыла, што ў гэтым годзе менавіта беларуская музыка пачала рабіцца такой вось больш народнай. Зьяўляецца такая беларуская народная, больш гарадзкая музычная культура. Менавіта гэтая гарадзкая культура нават падкрэсьліваецца: вось Піт Паўлаў — ягоны такі гарадзкі альбом, новая “Крамбамбуля”, я лічу, гэта вельмі вялікае дасягненьне менавіта ў галіне такой гарадзкой народнай музыкі. Народнай — я маю на ўвазе ня фолк, не аўтэнтык, гэта такая больш элітарная музыка. Народная ў тым сэнсе, што пад пад’ездамі іграюць сапраўды на лавачках на гітарах, вось усе гэтыя сямідзясятыя…”

(Памідораў: ) “Гарадзкі раманс — як гэта раней называлася. Цяпер гэта чамусьці называецца “шансон”. Але пры гэтым я хачу згадаць яшчэ адзін альбом — “Паравіны году” Вайцюшкевіча. Гэта — выкшталцоны шансон у першапачатковым ягоным вызначэньні! Гэта супэрскі альбом!”

(Заміроўская: ) “І вось гэтая музыка становіцца масавай. І ў нас таксама гэта, я лічу, будзе разьвівацца. “Ляпис Трубецкой”, канцэрт быў у іх нядаўна, і я была вельмі ўражаная! У сэрбаў ёсьць свой Брэгавіч, вау ўкраінцаў… я ня ведаю… мабыць “Воплі Відаплясава”, а ў нас такога няма. І, можа быць, у нас такая музыка зьявіцца, бо нешта падобнае “Ляпис Трубецкой” робіць, штосьці падобнае “Крамбамбуля”, і вось у гэты менавіта бок нейкае разьвіцьцё, я думаю, будзе адбывацца”.

(Памідораў: ) “Я трохі не пагаджуся, бо менавіта з творчасьці “Ляпис Трубецкого” пачалася ў Расеі ўся гэтая мода на гурты кшталту “Ленинград”, “Хоронько-оркестр”. Людзі, якія ў 1995 годзе выпадкова пачулі “Ляпис Трубецкой” — там гэтая машына шоў-бізнэсу працуе значна хутчэй! Толькі касэтку паслухалі — оп, назаўтра ўжо сфармаваны праекцік! Яны там адчуваюць кан’юнктуру і яны ведаюць, што з гэтымі людзьмі ім будзе складана працаваць. З арыгіналам. Таму лепш зрабіць клона, копію. У нас ёсьць свае брэнды, і гэта мяне вельмі цешыць.

Многія зьдзіўляюцца: “Дык Міхалок жа там у Маскве!” “Ляпис Трубецкой” заўсёды сядзелі ў Менску і пісалі ўсё ў Менску. Людзі, якія палаяліся з усімі маскоўскімі лэйбламі, таксама працуюць сёньня сэлф-мэйд, працуюць самастойна. І вельмі цікава тое, што “Ляписы” цяпер пераходзяць на зусім іншы ўзровень сваёй творчасьці. Апошні канцэрт гэта паказаў. І новыя песьні, якія зьяўляюцца, гэта нешта зусім іншае, гэта іншы чалавек, гэта ад імя ўжо іншай крыху асобы ідзе гутарка, размова з гледачом. Усё ж такі рост ідзе і ён будзе ісьці. Усё ж Беларусь, як мне падаецца, заўсёды была дзяржавай больш блюзава-рокавага складу. Вось гэтая культура і будзе разьвівацца надалей, і ўсё больш і больш сур’ёзна.

Магу згадаць, што дзесяць гадоў таму быў нейкі такі проста магутны выбух на таленавітых, выбітных музыкаў. Зьявіліся гурты “Буржуазія”, “Why Not”, “Beauty By Mistakе”, гурты, якія зьявіліся амаль адначасова, якія пачалі іграць тую музыку, якая была ў той час і ў Англіі, і ў Злучаных Штатах. Яны пачалі выконваць абсалютна эўрапейскую музыку, і толькі з-за таго, што гэта ня мела аніякага выйсьця, празь некаторы час гэтыя гурты разваліліся. Дык вось зараз, мне здаецца, хутка пойдзе адваротны працэс: зноў пачнуць зьяўляцца маладыя музыкі з зусім іншым адчуваньнем жыцьця, зь іншым адчуваньнем музыкі”.

(Падбярэскі: ) “Дзякуй за ўдзел у абмеркаваньні. Нагадаю, што вынікі музычнага году ў галіне папулярных жанраў сёньня ў студыі Радыё Свабода падводзілі Тацяна Заміроўская і Аляксандар Памідораў”.

перадача першая
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG