Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ЎРАД ЗЬБІРАЕЦЦА ЎЗМАЦНІЦЬ БАРАЦЬБУ ЗЬ НЕЛЕГАЛЬНАЙ ПРАЦАЙ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле падлікаў вядомага нямецкага эканаміста прафэсара Фрыдрыха Шнайдэра, ў адным толькі Бэрліне нелегальна працуе каля 100 тысячаў чалавек, а ва ўсёй Нямеччыне – нават да 5 мільёнаў. Праз гэта дзяржава штогод губляе каля 1 мільярду эўра.

Каб зрабіць змаганьне зь нелегальнай працай больш эфэктыўным, урад Гергарда Шрэдэра запрапанаваў, каб мінімальны штраф для працадаўца, які прыняў да сябе “нелегала”, складаў 1,5 тысячы эўра. Упершыню за гэта плянуецца ўвесьці і крымінальную адказнасьць, а працадаўца і працаўнік будуць яшчэ ўносіцца ў сьпіс асобаў, што былі пакараныя на тэрыторыі Нямеччыны.

Аднак, нягледзячы на захады ўладаў, ахвотных скарыстацца з працы “нелегалаў” не бракуе, не бракуе і ахвотных працаваць “па-чорнаму”. Працадаўцам “нелегал” абыходзіцца нават у 10 разоў таньней, а беларус ці ўкраінец можа ў такі спосаб зарабіць у дзясяткі разоў болей, чым на радзіме.

Колькі грамадзянаў Беларусі працуе ў Нямеччыне нелегальна, дакладна ня ведае бадай што ніхто, але паводле Язэпа Паўловіча, які жыве ў Нямеччыне ўжо тры гады, апошнім часам беларусаў, што прыяжджаюць нелегальна зарабіць, напэўна не паменела:

(Паўловіч: ) “Беларусаў стала прыяжджаць болей, гэта напэўна. Хаця з працай цяпер цяжка”.

Спадар Паўловіч сам ўжо доўгі час ня можа знайсьці працы, хаця і мае адпаведны дазвол. Але тым беларусам, што хацелі б паехаць у Нямеччыну на заробкі раіць усё ж паспрабаваць.

(Паўловіч: ) “Я б параіў усё ж такі паспрабаваць. Бо калі нічога ня робіш, дык нічога і ня будзе”.

Цяпер нелегалы зарабляюць у Нямеччыне ад 3 да 10 эўра за гадзіну. Беларусы, якія ня маюць дазволу на працу, уладкоўваюцца ў асноўным на будоўлях ці ў фэрмэраў. Каб ашчадзіць грошы, жывуць у адным пакоі па некалькі чалавек.

Распавядае спадар Андрэй з Горадні, які шмат разоў нелегальна працаваў у Нямеччыне:

(Андрэй: ) “Прыкладам, у Франкфурце-на-Майне шмат будаўнічых фірмаў, якія прымаюць “нелегалаў”, каб тыя прыбіралі ці дапамагалі майстрам. Я там таксама працаваў, альбо ў сэзон наймаўся да фэрмэра – на поле. З часам, калі цябе ўжо ведаюць, можна пакідаць свой тэлефон, прыкладам, на запраўках. Тады гаспадар тэлефануе, калі мае для цябе працу. Прыяжджаеш, робіш і адразу атрымліваеш грошы. Гэта выгодна – за такіх працаўнікоў ня трэба нічога плаціць у сацыяльны фонд ці яшчэ куды. Таму гаспадароў, ахвотных узяць нелегала, вельмі шмат”.

За нелегальную працу спадар Андрэй быў дэпартаваны і ўезд на тэрыторыю Нямечыны яму цяпер забаронены. Ці ёсьць жаданьне паехаць яшчэ раз?

(Андрэй: ) “Калі прынамсі ёсьць дзе спыніцца, дык можна ехаць і шукаць працу. Але калі няма каму сустрэць, дык вельмі цяжка. У Беларусі я ўсё адно ніколі столькі не зараблю, таму калі б хто дапамог, дык я б напэўна паехаў, чаму не”.

У Польшчы за нелегальную працу таксама пагражае штраф і дэпартацыя. Але, паводле дырэктара павятовай управы працы ў Варшаве Робэрта Квяткоўскага, гэткія выпадкі вельмі рэдкія – працадаўца і працаўнік наўзаем пакрываюць адно аднаго і таму цяжка давесьці віну. Нягледзячы на тое, што гэтак званыя “чорныя заробкі” тут значна меншыя – 1-2 эўра за гадзіну, беларусаў, у асноўным будаўнікоў, у Польшчы не бракуе.
XS
SM
MD
LG