Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯДЗЕЛЮ Ў ГРУЗІІ АДБУДУЦЦА ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Віталь Цыганкоў, Прага

У нядзелю грузіны прыйдуць на гонку, у якой адзін кандыдат відавочна пануе на полі. Гэта 36-гадовы Міхаіл Саакашвілі – самы яркі лідэр грузінскай бяскроўнай “рэвалюцыі ружаў”, якая адрынула ад улады ў лістападзе вэтэрана палітыкі Эдуарда Шэварднадзэ. Нягледзячы на тое, што ўсе апытаньні паказваюць відавочную перавагу Саакашвілі, ён вядзе вельмі актыўную перадвыбарчую кампанію. Асноўны кандыдат на пасаду прэзыдэнта Грузіі павінен перамагчы, бадай, самага сур’ёзнага праціўніка – апатыю выбаршчыкаў. Гэта зараз выклікае найбольшую заклапочанасьць грузінскіх лідэраў, паколькі выбары могуць лічыцца адбытымі, толькі калі ў галасаваньні возьме ўдзел ня менш за 50% выбаршчыкаў.

На думку некаторых аглядальнікаў, паколькі Саакашвілі гэтак шырока разглядаецца як пераможца, многія грузіны могуць адчуць, што іхныя галасы ня так ужо і патрэбныя. Сярод пяці іншых зарэгістраваных кандыдатаў толькі адзін, магчыма, можа скласьці нейкую канкурэнцыю Саакашвілі. Гэта Цімур Сашыяшвілі, адзін з рэгіянальных кіраўнікоў, прызначаных Шэварднадзэ. Сашыяшвілі, аднак, сам прызнаў, што ня мае спадзяваньняў на перамогу.

Саакашвілі, аднак, заклікае людзей прыходзіць на выбарчыя ўчатскі. Ён пераконвае сваіх прыхільнікаў, што ня здолее выйграць выбары бязь іхнага ўдзелу.

(Саакашвілі: ) “Ніхто не павінен думаць, што Саакашвілі ўжо выйграў выбары. Калі людзі ня прыйдуць галасаваць, мы ня будзем фальсыфікаваць выбары, і я ня буду абраны. Я не магу стаць на шлях Шэварднадзэ, бо гэта азначае, што ў Грузіі пачнецца хаас і беспарадкі”.

Саакашвілі абяцае, што новае кіраўніцтва будзе вольнае ад карупцыі і злоўжываньня ўладай, уласьцівага 11-гадоваму кіраваньню Эдуарда Шэварднадзэ. Гэта якраз тыя прамовы, якімі Саакашвілі заклікаў тысячы людзей выйсьці на вуліцы ў лістападзе і патрабаваць палітычныя зьмены ў Грузіі. Аналітыкі кажуць, што Саакашвілі, былы міністар юстыцыі ў часе Шэварднадзэ, выклікае зараз такое захапленьне ў грузінаў, паколькі здолеў паабяцаць і выканаць сваё абяцаньне. На працягу некалькіх тыдняў масавых пратэстаў у лістападзе Саакашвілі казаў, што Шэварнадзэ будзе адхілены, і гэта адбылося 23 лістапада.

Аляксандр Рандэлі, аналітык з Стратэгічнага фонду палітычных дасьследаваньняў у Тбілісі, менавіта на гэта зьвяртае ўвагу, апісваючы прычыны папулярнасьці Саакашвілі.

(Рандэлі: ) “Спадара Саакашвілі падтрымлівае большасьць народу. Людзі любяць яго за тое, што ён вельмі прывабны малады чалавек і вельмі энэргетычны. А таксама – ведаеце, ён дасягае сваіх мэтаў. Ён казаў, што Грузія будзе без Шэварднадзэ, і дасягнуў гэтага”

Да намаляванага вобразу Саакашвілі трэба дадаць, што, акрамя роднай грузінскай, ён свабодна валодае расейскай, а таксама гаворыць па-ангельску і па-француску. Ён вучыўся ў амэрыканскім унівэрсытэце, таму ня дзіва, што падчас падзеяў “рэвалюцыі ружаў” Саакашвілі, зрэшты, як і Ніно Бурджанадзэ, увесь час давалі інтэрвію па-ангельску. На думку многіх грузінаў, гэта дапаможа Саакашвілі ў міжнародных адносінах, і найперш са Злучанымі Штатамі, якія аказваюць вялікую матэрыяльную дапамогу Грузіі.

Аднак найбольшым выклікам для новага прэзыдэнта стане ўнутраная палітыка, бо тры рэгіёны –Абхазія, Паўднёвая Асэція і Аджарыя – фактычна знаходзяцца па-за кантролям цэнтральных тбіліскіх уладаў. Абхазія і Паўднёвая Асэція, якія ляжаць уздоўж расейскай мяжы, цалкам залежаць ад Расеі ў сваім выжываньні. Зь іншага боку, лідэр Аджарыі Аслан Абашыдзэ падтрымліваў Шэварднадзэ супраць “Рэвалюцыі ружаў” і нават заявіў, што не зьбіраецца супрацоўнічаць з новымі тбіліскімі ўладамі. Абашыдзэ, які ўзначальвае аджарскую партыю “Адраджэньне”, ужо заявіў, што не дазволіць адчыніць у Аджарыі выбарчыя ўчасткі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у нядзелю. Адкрытым таксама застаеца пытаньне, як іншыя лідэры рэвалюцыі ружаў – Жванія і Бурджанадзэ – здолеюць супрацоўнічаць з Саакашвілі пасьля ягонай перамогі на выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG