Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ШТО ІДУЦЬ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ВЫПЛАТЫ?


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Скарачэньне чарнобыльскіх выплатаў абгрунтоўвалася ўладамі неабходнасьцю зьбіраць сродкі на абнаўленьне дыягнастычнай апаратуры, набыцьцё новых прэпаратаў і наогул удасканаленьне лекаваньня. Аднак больш за мільярд рублёў зэканомленых сродкаў накіраваныя на набыцьцё транспарту — і гэта ня толькі спэцыялізаваныя машыны хуткай дапамогі, але і звычайныях расейскія “Жыгулі”.

Распавядае эканаміст абласной управы аховы здароўя Тамара Паўлюк:

(Паўлюк: ) “Частку грошай рэспубліканскага бюджэту, якія зэканомленыя на падставе дэкрэту №16 пра адмену выплатаў за пражываньне на забруджанай тэрыторыі, мы накіравалі на набыцьцё 25 аўтамашын хуткай дапамогі маркі “Собаль”. Заплацілі 666 мільёнаў рублёў. Цяпер купляем для мэдустановаў яшчэ 35 аўтамашынаў “Жыгулі”. Гэта каля 400 мільёнаў”.

Між тым, у чарнобыльскіх вёсках людзі спадзяюцца ня столькі на транспарт мэдустановаў, колькі на ўласных коней. Сьведчыць жыхар невялічкай вёскі Новае Залесьсе Чачэрскага раёну Сяргей Міхалкоўскі:

(Міхалкоўскі: ) “Доктар у нас у Нісімкавічах. У Бабічах, гэта два з паловаю кілямэтра, мэдсястра. Дык на кані прывозім”.

Казімір Акінчыц зь вёскі Залаўе распавёў сваю гісторыю, калі нечакана цяжка захварэў:

(Акінчыц: ) “Машыну, кажуць, наймі. Жонка знайшла машыну. Машына прыйшла па мяне, кіроўца сьпяшаўся на працу, а доктарка Новікава накіраваньня ня выпісала. Няхай ёй добра ікаецца”.

Наогул многія жыхары чарнобыльскі вёскак даволі нэгатыўна ставяцца да скасаваньня грашовых выплатаў. Вось што на гэты конт кажуць жыхары вёскі Старое Сяло Веткаўскага раёну:

(Пэнсіянэрка: ) “Мы ж галасавалі за Лукашэнку. Думалі, будзе нас шкадаваць. Цэны ідуць цяпер вялікія. А нас так пакрыўдзілі — усё адмянілі. Так нельга! Нашае жыцьцё кароткае. Трэба ж нам якую льготку зрабіць! За 2 тысячы чалавек можа купіць і батончык, і кусочак хлеба. Праўда? А мо і булкі смачнай ён захоча”.

(Пэнсіянэрка: ) “Не, няправільна адмянілі. Пэнсіянэрам і гэта дорага. Мы пацярпелі — і на здароўі, і на ўсім. Трэба, каб усе льготы былі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG