Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТАРАТУРНЫЯ ВЫНІКІ 2003 ГОДУ


Валянціна Аксак, Менск

На працоўны стол загадчыка аддзелу крытыкі дзяржаўнае пісьменьніцкае газэты “Літаратура і мастацтва” Леаніда Галубовіча летась легла каля трохсот новых мастацкіх кніг. Яны падораныя і прысланыя аўтарамі ці ня з усіх рэгіёнаў краіны. А выдадзеныя ва ўсе мажлівыя сучасныя паліграфічныя спосабы, ад саматужна памножаных на ксэраксах танюткіх рукапісаў да выдрукаваных у найлепшых замежных друкарнях шматколерных падарункавых тамінаў. Служба вымагала прачытаць усё, але да душы сувораму крытыку прыйшоўся тэкст, які яшчэ не сабраны пад адной кніжнай вокладкай, а раскіданы па леташняй пэрыёдыцы. Літаратурнай падзеяй году Леанід Галубовіч называе дзёньнікі Вячаслава Адамчыка.

(Галубовіч: ) “Падаліся гэтыя дзёньнікі спробай чалавека адкрыцца сьвету, не хаваючы нічога, спробай таго самага адкрытага грамадзтва, пра якое мы шмат гаворым. Гэта вялікая рэч. Дзёньнікі Адамчыка мне нагадалі нечым запісы Васіля Розанава. Здаецца, у нашай беларускай літаратуры такога яшчэ не было, таму яны на мяне і зрабілі такое моцнае ўражаньне”.

А вось вытанчаны да датклівае пераборлівасьці густ вядомае знаўцы айчыннага прыгожага пісьменства Ганны Кісьліцынай нічым з выдадзенага і надрукаванага летась так дасхочу і не задаволіўся. Хіба толькі аздоба асобных кнігаў пацешыла.

(Кісьліцына: ) “Найбольш прыгожую кніжку назаву — гэта “Краіна Беларусь”. Мне здаецца, што такая кніжка даўно была нам патрэбная. Яе прыемна браць у рукі, яе прыемна дарыць сябрам. Яе добра класьці пад навагоднюю ёлачку. Вось таму для мяне галоўная кніга году — “Краіна Беларусь” Уладзімера Арлова”.

Вядомага літаратуразнаўцу-філёзафа Валянціна Акудовіча таксама з надрукаваных тэкстаў нічога асабліва ня ўразіла. Сваю чытацкую і прафэсійную насалоду ён атрымаў ад твору, які распаўсюдзіўся ў вузкіх сталічных літаратурных колах у рукапісах. Як за часы савецкага таталітарызму. Зрэшты, зважаючы на сёньняшнія беларускія рэаліі ды месца ў іх аўтара ўпадабанага Акудовічам твору, які змушана вось ужо некалькі гадоў жыве за мяжою, дзіўным гэты савецкі спосаб стасункаў асобных пісьменьнікаў з асобнымі чытачамі не выглядае.

(Акудовіч: ) “Дазвольце мне трохі зарыгінальнічаць, бо я хацеў бы прадставіць галоўнай падзеяй году твор, што публічна ня быў прадстаўлены. Я маю на ўвазе паэму Ўладзімера Някляева “Ложак для пчалы”, якая пакуль застаецца ў рукапісе і якую пакуль што мала хто чытаў. Гэта вялікая паэма — у сэнсе аб’ёму, сёньня такіх ужо даўно ня пішуць. Але, пэўна, я яе гатовы назваць вялікай і ў сэнсе паэтычнага майстэрства. Прынамсі, Уладзімер Някляеў, творчасьць якога я ведаю амаль да драбніцаў, гэтай паэмаю мяне ўразіў. Што ўвогуле нялёгка зрабіць.

Ясная рэч — паэзія не пераказваецца. Таму я адно адзначу, што ў аснову паэмы пакладзены знакаміты фінскі эпас “Калевала”. Толькі ня трэба думаць, што гэта этнаграфічны твор. Анталягічны тут толькі грунт, на якім адбываюцца экзыстэнцыйныя парываньні сучасных гэрояў, лёс якіх складана зблытваюць Фінляндыя і Беларусь, вечны час эпасу і сёньняшняя хуткаплынная пара. Летась у Някляева выйшаў раман “Лабух”, які таксама мог бы прэтэндаваць на падзею году. Прынамсі, даўно ў нас не было такога чытэльнага творыва. “Лабух”, як кажуць, пайшоў па руках. Але я ўсё ж такі адбіраю для прэзэнтацыі году паэму Някляева “Ложак для пчалы”.

Самадастатковаму незалежнаму літаратуразнаўцу дазволеная арыгінальнасьць у выбары прыярытэтаў. А прафэсарская катэдра вымагае іншага погляду на аб’екты навуковых штудыяў ды папулярнае прапаганды беларускае літаратуры ў затлумленых дзяржаўнаю ідэалёгіяй студэнцкіх галовах. Доктарка філялёгіі прафэсарка Белдзяржунівэрсітэту Галіна Тычка вылучае кнігі году ў кожным літаратурным жанры:

(Тычка: ) “У першую чаргу я хацела б адзначыць кнігу нашага старэйшага пісьменьніка Янкі Брыля “Зь людзьмі і сам-насам”. Калі я чытаю гэтую кнігу, я проста радуюся, што Іван Антонавіч з намі, што ён дзеліцца з намі сваімі адкрыцьцямі ў жыцьці, у філязофіі, у спасьціжэньні гэтага жыцьця. Таксама ў прозе мяне вельмі і вельмі парадаваў і зьдзівіў раман Алеся Наварыча “Літоўскі воўк”. Гэта гістарычная проза, якой неяк даўно чакалася. Гэты раман выклікаў вельмі шмат спрэчак самых разнастайных, але калі я потым падумала пра яго ў цэласьці, то прыйшла да высновы, што гэты раман — новае слова ў нашай гістарычнай прозе, у нашай літаратуры. Калі гаварыць пра крытыку, то я хачу адзначыць кнігу Дзьмітрыя Бугаёва “Служэньне Беларусі”. Дзякуючы гэтай кнізе можна скласьці ўяўленьне пра нашую беларускую сучасную літаратуру. І, безумоўна, кнігу Алега Лойкі, якая называецца “Раўнакутны трохвугольнік”.

У паэзіі Галіна Тычка адзначыла некалькі кнігаў любоўнае лірыкі і найперш зборнік вершаў Анатоля Вярцінскага “Жанчына. Мужчына. Каханьне”. А яшчэ спадарыня Тычка далучыла да кнігаў-2003 выдадзеную годам раней кнігу ўспамінаў Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, якая сталася галоўнай летась для многіх чытачоў, чаму паспрыяла трагічная кропка на зямной дарозе аўтара.

(Тычка: ) “З усіх леташніх падзеяў для мяне найбольш уражлівай была сьмерць Васіля Быкава. Таму што калі гаварыць пра гібель нашых часопісаў літаратурных, калі гаварыць пра разбурэньне нашага літаратурнага жыцьця і Саюзу пісьменьнікаў, то гэта ўсё тое, што можна з часам аднавіць. А калі чалавек, і тым больш такі чалавек як Быкаў, які быў у пэўным сэнсе апосталам нацыі, духам нацыі, то гэтага чалавека нельга вярнуць. Адыход Васіля Ўладзімеравіча — гэта тая падзея, якая найбольш уразіла”.

Адыход Быкава — гэта падзея, якая зьнітавала беларускае літаратурнае жыцьцё з грамадзкім, — лічаць многія аналітыкі. І адбылося гэтае доўгачаканае паяднаньне, як, на жаль, гэта часта бывае, коштам вялікае чалавечае ахвяры. А тое, што грамадзкае жыцьцё пакрысе напаўняецца беларускім словам, сьведчыць выхад летась фундамэнтальных выданьняў. Уразілі многіх анталёгія беларускае паэзіі “Краса і сіла”, завершаны поўны збор твораў Янкі Купалы, анталёгія даўняе беларускае літаратуры.

Менавіта посьпех анталягічных выданьняў сьведчыць пра невынішчальнасьць беларускага духу, — гаворыць доктар філялёгіі прафэсар Белдзяржунівэрсытэту Міхась Тычына, які аднак, за большы гонар лічыць для сябе не ўнівэрсытэцкую катэдру, а сьціплы выкладчыцкі стол вытрывалага летась Беларускага гуманітарнага ліцэю.

(Тычына: ) “Радуе ўсё, што напаўняе келіх беларушчыны. Для мяне гэта вялікая, цудоўна выдадзеная анталёгія даўняй беларускай літаратуры, укладзеная супрацоўнікамі акадэмічнага Інстытуту літаратуры пад кіраўніцтвам Вячаслава Чамярыцкага. Рэч фундамэнтальная, тое, што наглядна сьведчыць пра невынішчальнасьць беларускага духу. Няўклюдныя спробы зьнішчыць Беларускі гуманітарны ліцэй, дзе я працую выкладнікам літаратуры адзінаццаць гадоў, засьведчылі, што беларушчына жыве ня ў сьценах, а ў людзкіх душах. Васіль Уладзімеравіч Быкаў, калі раней тэлефанаваў, заўсёды пытаўся, як там ліцэй. Дарагі Васіль Уладзімеравіч, калі вы чуеце нас, то ведайце — ліцэй жыве! Гэтымі каляднымі днямі ліцэісты і іх выкладнікі набіраюцца беларушчыны ў Вільні. Няхай будзе келіх поўны па самыя краёчкі. З поўным вас!”

Імкненьне да паўнаты ў выданьні напісанага засьведчыла навіна беларускага літаратурнага працэсу, якая пад Новы год уразіла нават самых нігілістычна настроеных у дачыненьні да пэрспэктываў беларускага друкаванага слова. Выдавецтва “Кніга” выпусьціла першы том збору твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Аматары ягонае паэзіі, публіцыстыкі й навуковае творчасьці з задавальнем прачыталі ў анатацыі да выданьня, што гэтаю кнігаю выдавецтва распачынае выпуск 23 тамоў набыткаў мэтра.

Гэты праект унікальны ў гісторыі беларускае літаратуры ня толькі аб’ёмам — дзеля параўнаньня нагадаем, што завершанае поўнае выданьне купалаўскае спадчыны мае 9 тамоў, даўно не перавыдаваны збор твораў Якуба Коласа мае 14 тамоў, плянаваны, але так і нераспачаты выпуск твораў Васіля Быкава налічваў 8 тамоў, столькі ж ва Ўладзімера Караткевіча.

Унікальнасьць гілевічаўскага выданьня яшчэ і ў тым, што ў яго ўключаецца твор з так канчаткова і ня высьветленым аўтарствам — гэта “Сказ пра Лысую гару”. Публічнае высьвятленьне паміж Нілам Гілевічам і Міколам Аўрамчыкам таго, хто ж напісаў гэтую легендарную ананімную паэму, належыць таксама да ліку знакавых падзеяў леташняга літаратурнага жыцьця. Якое, як і ў іншых краінах, можа лічыцца паўнавартасным толькі тады, калі напаўняецца ўсімі складнікамі, улучна з прылюднымі высьвятленьнямі дачыненьняў знакамітых творцаў. Ёсьць пра што гаварыць, і нават ёсьць пра што грамадзкі тлум уздымаць. Як пісаў яшчэ адзін сучасны клясык, “гэта значыць, што пісьменства наша краснае жыве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG