42-гадовы Ўладзімер Карпека й 61-гадовы Тамаз Гаргадзэ ляжаць у хірургічным аддзяленьні раённага шпіталю ў Крупках. Абодва маюць апёкі рук і твару. Лекары гавораць, што стан іх здароўя стабільны, яны рухаюцца, устаюць з ложка. Праўда, між сабой не кантактуюць. Рабочы ляжыць у агульнай палаце зь іншымі хворымі, а дырэктар — адзін у палаце павышанай камфортнасьці. Мне ўдалося зьвязацца з маці Ўладзімера Карпекі Соф’яй Пятроўнай, вось што яна распавяла:
(Карпека: ) “У першы дзень 30-га ўвечары міліцыі было шмат. А пасьля не. Раённае начальства да дырэктара хадзіла, а да Вовы наогул ніхто не прыходзіў. Больш за год яны не плацілі яму дый наогул нікому грошай. У яго двое дзяцей хворых. І 20 сьнежня трэба было везьці ў Менск меншага сына — у яго дрэнна з сэрцам. І ў Валодзі здарыўся нэрвовы зрыў. Ён зайшоў у кабінэт, а гэты грузін гаворыць: “На табе 100 000 рублёў і хопіць. А то больш і не атрымаеш”. Ну, дык Вова ўзяў бэнзын і гаворыць, што хацеў падпаліць сябе. Лінуў, а той выхапіў з рук у сына бутэльку, і бэнзын разьліўся. А ў Вовы была ў руках запальнічка. Дырэктар піхнуў яго, ну й запальнічка загарэлася”.
Паводле некаторых зьвестак, Тамаз Гаргадзэ апісвае тое, што адбылося ўвечары 30 сьнежня ў ягоным кабінэце, падобна, як і Ўладзімер Карпека. Дачка Тамаза Гаргадзэ Тамара гаворыць, што не размаўляе з бацькам на гэтую тэму:
(Гаргадзэ: ) “Я стараюся зь ім на гэтую тэму не гаварыць, каб не выклікаць успамінаў. Я ня ведаю, хто гэты чалавек — вар’ят ці злачынца, але такое здарылася. І для мяне цяпер галоўнае, каб бацька застаўся жывы і зь ім усё было ў парадку. Астатняе мяне мала хвалюе”.
Крупская раённая пракуратура праводзіць праверку ўсіх фактаў гэтага здарэньня. Крымінальная справа на Ўладзімера Карпеку пакуль не заведзеная. Некаторыя ў Бабры не выключаюць, што яго ўвогуле не прыцягнуць да адказнасьці, каб не надаваць гэтай справе з сацыяльным падтэкстам шырокага грамадзкага розгаласу.