Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АБГРУНТАВАНЫЯ АЛІМПІЙСКІЯ СПАДЗЯВАНЬНІ БЕЛАРУСКАЙ УЛАДЫ?


Уладзімер Глод, Менск

На чэмпіянатах сьвету 2003 году беларускія спартоўцы ў алімпійскіх відах спорту здолелі атрымаць 24 узнагароды. Гэта значна больш, чым у 2002 годзе. Віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Дражын патлумачыў такі прагрэс клопатамі дзяржавы і асабіста Аляксандра Лукашэнкі — летась, у параўнаньні з 1999 годам, які таксама папярэднічаў Алімпіядзе, фінансаваньне спорту павялічылі на 34%. Цікава, што грошы пайшлі ня толькі непасрэдна на падрыхтоўку атлетаў. Дзякуючы высокай аплаце і добрым умовам далі згоду пераехаць у Беларусь моцныя расейскія спартоўцы: Магамэд Арыпгаджыеў (бокс), Мурад Гайдараў (вольная барацьба) ды некаторыя іншыя.

Прэсавы сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Пётар Рабухін лічыць, што пастаўленай мэты ў Атэнах можна дамагчыся:

(Рабухін: ) “Канечне, нельга параўноўваць чэмпіянаты сьвету і Эўропы з алімпійскімі гульнямі. Гэта спаборніцтвы абсалютна іншага ўзроўню. Але ж тым ня менш... Мы спадзяемся таксама, што адаб’ецца вельмі важны фактар — ня будзе патрэбы, як гэта было ў Аўстраліі, праходзіць праз акліматызацыю, пераадольваць цяжкасьці іншага часавага поясу. Цяпер будзем выступаць у Эўропе, і гэта дасьць нашым спартоўцам дадатковы шанец”.

А вось трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч лічыць мэдалёвыя пляны каманды Беларусі занадта высокімі:

(Парфяновіч: ) “Калі падысьці рэальна, 12 мэдалёў, ня больш. Будзе толькі 12. Гэта мой прагноз”.

Паводле спадара Парфяновіча, канкурэнцыя на Алімпіядах непараўнальна вышэй, чым на пяршынствах сьвету і Эўропы. Таму рабіць разьлікі на падставе гэтых спаборніцтваў, а менавіта так вызначае шанцы Міністэрства спорту і турызму Беларусі, азначае падманваць сябе ды іншых.

Нагадаю, што на мінулых летніх алімпійскіх гульнях у Сыднэі атлеты Беларусі здабылі 17 мэдалёў, тры зь іх — залатыя. Але ўжо сёньня зразумела, што чэмпіёнка ў штурханьні ядра Яніна Карольчык свайго посьпеху паўтарыць ня зможа. Яна дыскваліфікаваная за ўжываньне допінгу і таму вымушаная будзе прапусціць гульні ў Атэнах. Таксама дыскваліфікаваная за допінг і вядомая плыўчыха Аляксандра Герасіменя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG