Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВАГОДНI "ПАДАРУНАК" ЖЫХАРАМ БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ АД ЛУКАШЭНКI


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкi падае ягоны сёньняшнi вiзыт у Белаазёрск як жаданьне асабiста зрабiць навагоднi падарунак жыхарам Берасьцейшчыны. Гэтым "падарункам" ёсьць адзiн з энэргаблёкаў Бярозаўскай ДРЭС, дзеля рэканструкцыi якога энэргетыкi мусiлi браць пазыкi прыблiзна на 34 мiльёны даляраў.

Аляксандар Лукашэнка заявiў, што калi б гэтых грошай не было, дык празь некалькi гадоў Бярозаўскую ДРЭС чакала закрыцьцё. Энэргiя, якая выпрацоўваецца станцыяй, незапатрабаваная спажыўцамi з-за высокiх коштаў. Мiж тым на станцыi застаюцца яшчэ пяць энэргаблёкаў, якiя таксама патрабуюць тэрмiновай рэканструкцыi. Дзе шукаць грошы на гэтыя мэты абмяркоўвалася на адмысловай нарадзе, прысьвечанай рэфармаваньню энэргетычнай галiны ў Беларусi.

Вiзыт Лукашэнкi ў Белаазёрск цiкавы яшчэ i зь iншай прычыны. Пасьля выбараў сёлета ў сакавiку мясцовы гарадзкi савет стаўся адзiным на Беларусi, дзе большасьць абраных дэпутатаў прытрымлiвалася дэмакратычных поглядаў. Аднак восеньню раённыя ўлады нечакана вырашылi правесьцi ў Белаазёрску паўторныя выбары, у вынiку чаго ў гарсавет дадаткова трапiлi дэпутаты, якiя падтрымлiваюць выканаўчую ўладу. Тое, што восеньнскiя давыбары маюць пэўную сувязь зь сёньняшнiм вiзытам Лукашэнкi, пацьвердзiў кiраўнiк дэпутацкай групы "Iнiцыятыва" у гарсавеце Юрась Губарэвiч.

(Губарэвiч: ) "Так, хутчэй за ўсё, i ёсьць. Пасьля выбараў адразу была праведзена сэсiя, на якой быў учынены разгром дэмакратычнай дэпутацкай групе. Нас пазбавiлi большасьцi кiруючых альбо важных пасад у гарадзкiм савеце, i на гэтым усё супакоiлася. Да вiзыту Лукашэнкi гарадзкi савет ужо падрыхтаваны".

Напярэдаднi прыезду Аляксандра Лукашэнкi ў Белаазёрск мiлiцыянты абыходзiлi кватэры мясцовых жыхароў, якiя маюць паляўнiчыя стрэльбы, i цiкавiлiся, у якiм стане знаходзiцца iхная зброя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG