Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СУСТРЭНУЦЬ НОВЫ ГОД БЕЛАРУСЫ ПА-ЗА МЕЖАМІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У часе размоваў зь беларусамі, якія жывуць у розных краінах Эўропы, пра тое, як яны будуць адзначаць навагодняе сьвята, высьвятлілися дзьве тэндэнцыі. Першая: маладзейшыя людзі больш ахвотна йдуць сустракаць Новы Год на гарадзкія плошчы, а старэйшыя застаюцца ў хаце перад тэлевізарам; і другая: акрамя рэдкіх выключэньняў, на іхных сталах ня будзе моцных напояў – толькі піва і віно.

Беларуская студэнтка з Бэрліну Кацярына Іваноўская плянуе сустрэць новы год разам з суседзямі, а пазьней пайсьці ў горад.

(Іваноўская: ) “У Бэрліне дзясяткі тысячаў людзей сьвяткуюць Новы год ля Брандэнбургскай брамы, а потым шмат хто йдзе ў клюбы, якіх вельмі многа. Я ўжо выбрала сабе адзін клюб і пляную туды пайсьці”.

Яўген Мурашка, які разам з жонкай і дарослымі дзецьмі жыве ў нямецкай Баварыі, кажа, што на Новы год на ягоным стале будзе шмат чаго з уласнага агароду – зусім не па-нямецку.

(Мурашка: ) “На стале, вядома ж, будзе ўсё беларускае: бульба, смажанкі ўсялякія. Што змаглі – вырасьцілі самі – у нас ёсьць агарод. Есьць агуркі свае, капуста. Піць будзем сокі, ну і бутэльку шампанскага”.

У Бэльгіі найбольш беларусаў жывуць у Антвэрпэне. Традыцыйна, яшчэ перад новым годам, яны робяць вялікі сьвяточны сход зь беларускімі сьпевамі і танцамі. А ўжо 31-га шмат хто, у тым ліку і наш суразмоўца Ігар Лазарчук, йдзе ў гістарычны цэнтр Антвэрпэну:

(Лазарчук: ) “У цэнтры гораду заўсёды ёсьць урачыстыя агульнагарадзкія імпрэзы. Канечне, салют. Шмат людзей з розных краінаў – можна пачуць розныя мовы, у тым ліку і беларускую – усе разам сустракаюць Новы год. Што да стала, дык нашыя жанчыны гатуюць тое, што мы прывыклі есьці ў Беларусі – абавязкова бульба, вырабы з бульбы, мяса, салаты. З напояў – бэльгійскае піва і віно”.

У Лёндане Новы год можна сустрэць на Трафальгарскім пляцы, але большасьць ангельцаў застаюцца ў хатах перад тэлевізарам і на іхным стале, акрамя бутэлькі шампанскага, няма нічога незвычайнага. У беларуса Васіля Еўдакімава навагодняе сьвяткаваньне выглядае па-іншаму:

(Еўдакімаў: ) “Жонка плянуе прыгатаваць мінімум 12 страваў. Нам з Латвіі прывезьлі карпа – гэтую рыбу мы заўсёды робім на Новы год. Пазьней, другога студзеня. Піць будзем спапчатку віно, а ўжо а 12-й гадзіне – шампанскае. Мы тут неяк адзвычаіліся піць моцныя напоі. А калі тут і п’юць моцныя напоі, дык пасьля ежы”.

А вось у Швэцыі моцныя напоі, наадварот, папулярныя. Акрамя гэтага, у Стакгольме, прынамсі сёлета і прынамсі ў адной хаце, будзе прыгатаваная вялікая колькасьць традыцыйнага яшчэ з савецкіх часоў салату “аліўе”. Гаворыць Дзьмітры Плакс:

(Плакс: ) “У Швэцыі Каляды важнейшыя за Новы год, і швэды ня вельмі моцна яго адзначаюць. Але для мяне, па-ранейшаму, гэта вялікае сьвята. Прыгатую тону салата “аліўе” і ўсё, што належыць. Да мяне прыехалі сябры-эмігранты зь Нямеччыны, прывезьлі савецкае шампанскае, бутэльку гарэлкі”.

Сустракаць Новы год спадар Плакс пойдзе на цэнтральную плошчу Стакгольму, дзе да суайчыньнікаў з навагоднімі пажаданьнямі зьвернецца сам кароль.

Што да сьвяткаваньня Новага году, то з усіх беларусаў, якія жывуць па-за межамі Бацькаўшчыны, найбольш пашчасьціла хіба што беларусам зь Беласточчыны. Тут новы год сустракаюць двойчы – другі раз паводле старога стылю. Гаворыць Міхась Андрасюк з Гайнаўкі:

(Андрасюк: ) “Гэты “першы” Новы год на Беласточчыне нічым асаблівым не адрозьніваецца ад агульнапольскага. Каму па кішэні, той адзначае Новы год у нейкім добрым рэстаране, іншыя – у хаце з сябрамі. Зараз на Беласточчыне ёсьць месцы, дзе прапануецца беларуская народная кухня. Больш цікавы той другі, што адзначаецца паводле старога стылю – багаты вечар, які яшчэ дзе-нідзе адзначаецца паводле старых традыцыяў. У нас моцныя напоі усё яшчэ застаюцца ў пашане з нагоды Новага году, як, з рэшты, і іншых сьвятаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG