Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОЧЫ БОБРСКАГА СЬПІРТЗАВОДУ ПАДПАЛІЎ СЯБЕ І ДЫРЭКТАРА ПРАДПРЫЕМСТВА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рабочы Ўладзімер Карпека доўгі час працаваў на Бобрскім сьпірзаводзе, але грошай за сваю працу не атрымліваў. Кіраўніцтва прадпрыемства казала, што завод толькі аднаўляецца, сваёй прадукцыі не вырабляе, таму й няма грошай на зарплату. У выніку спадар Карпека звольніўся і падаў пазоў у суд з патрабаваньнем выплаціць яму каля 2 мільёнаў рублёў запазычанасьці. А напярэдадні Новага году рабочы даведаўся, што іншым ягоным калегам пачалі выплачваць невялікія сумы.

30 сьнежня Ўладзімер Карпека прыйшоў у кабінэт да дырэктара заводу Тамаза Гаргадзэ і запатрабаваў сваю зарплату. Той плаціць адмовіўся, і тады Карпека абліў сябе і дырэктара бэнзынам і падпаліў. Іншыя рабочыя, што былі ў гэты час у дырэктарскім кабінэце, зьбілі зь іх полымя ды выклікалі пажарных і хуткую дапамогу. Абодва пацярпелыя з апёкамі дастаўленыя ў Крупскі раённы шпіталь.

Загадчык аддзяленьня хірургіі Генадзь Паўлюкевіч паведаміў Беларускай Свабодзе, што стан здароўся Ўладзімера Карпекі і Тамаза Гаргадзэ здавальняючы й пагрозы іх жыцьцю няма. Раённы пракурор Іван Дашук цяпер праводзіць у гэтай справе праверку й не выключае, што будзе заведзеная крымінальная справа.

Былы дырэктар сьпіртзаводу Канстанцін Раманюк вінаватым у гэтым здарэньні лічыць Тамаза Гаргадзэ, які цягам амаль двух гадоў фактычна не выплачваў працаўнікам зарплату:

(Раманюк: ) “Сам гаспадар шыкуе на шырокую ногу, прычым дэманстратыўна паказвае, які ён багаты, а людзі па два гады й больш без зарплаты. Калі ёсьць сям’я і ёсьць у сям’і гаспадар, мужчына — ён павінен сям’ю ўтрымліваць. А ён ня можа гэтага зрабіць, хаця й зарабіў, гэта адчай проста. У кожнага свой характар, у кожнага свая псыхіка, хто як. У Карпекі двое дзяцей, і ў іх нешта ня ладзіцца са здароўем. А грошай няма, і ніхто не дае. А быццам бы працаваў і зарабіў”.

Гэта ня першы скандал, зьвязаны зь імем Тамаза Гаргадзэ. Увесну сёлета Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю завёў супраць кіраўніцтва прадпрыемства крымінальную справу за выраб сьпірту без адпаведнай ліцэнзіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG