Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕР ШЧУКІН СУСТРЭНЕ НОВЫ ГОД НА ПОЛАЦКІМ ВАКЗАЛЕ


Ганна Соусь, Менск

(Шчукін: ) “Гэты Новы год я буду сустракаць на вакзале гораду Полацку. Таму што я цяпер асоба бяз пэўнага месца жыхарства, гэтак званы бомж. Вымушаны гэта рабіць, што мне яшчэ застаецца? Больш як на вакзале, іншага выйсьця няма”.

Сёлета 1 жніўня полацкія ўлады выпісалі й выселілі Валера Шчукіна з інтэрнату, дзе ён быў прапісаны шмат гадоў. І на знак пратэсту палітык стаў начаваць на мясцовым вакзале. Паводле падлікаў самога Шчукіна, ён “бамжуе” ўжо 156 дзён, зь іх 110 начэй правёў на вакзале. Спачатку адміністрацыя чыніла перашкоды Шчукіну, яго абвінавачвалі ў хуліганстве, але цяпер да яго начлегаў прызвычаіліся й не перашкаджаюць спаць на лаўцы. Спадар Шчукін мае невялікую падушку, накрываецца курткай, а боты часам здае на ноч у камэру захоўваньня, каб ня скралі. Я запыталася ў Валера Шчукіна, што ён будзе рабіць на вакзале ў навагоднюю ноч.

(Шчукін: ) “Бутэльку шампанскага адкаркую, і з тымі людзьмі, якія там будуць, я мяркую, мы адзначым Новы год. А што адбудзецца на самой справе, я ня ведаю. Вакзал ніяк не рыхтуецца да сьвята, таму што ёлкі я там ня бачыў”.

Валер Шчукін некалі ўжо сустракаў Новы год у расейскім аэрапорце “Дамадзедава”, але гэта адбылося з прычыны затрымкі самалёту. Некалькі гадоў таму Шчукін, дзякуючы сваёй вялікай сівой барадзе, у Новы год быў Дзедам Марозам на дабрачыннай вечарыне. Валер Шчукін мае сямёра ўнукаў і, натуральна, хацеў бы сустракаць Новы год разам зь сям’ёй. Але начлегі на вакзале ў Полацку для яго — прынцыповая справа. Валер Шчукін хоча тут балятавацца дэпутатам на будучых парлямэнцкіх выбарах, але ня маючы прапіскі, ён мае мізэрныя шанцы быць зарэгістраваным выбарчай камісіяй.

(Шчукін: ) “Улады баяцца, што я буду балятавацца ў Полацку, і таму робяць усе захады, каб не дапусьціць мяне. Мне двойчы адмаўлялі ў рэгістрацыі ў Полацку”.

Апошнія 156 дзён, калі Валера Шчукіна просяць назваць свой адрас, ён называе горад Полацак, вуліцу Кастрычніцкую, 48, будынак чыгуначнага вакзалу.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чакаеце вы якога-небудзь падарунка на Новы год? Які для вас быў бы найлепшы падарунак?”

(Шчукін: ) “Адмена незаконнага рашэньня суду”, — адказаў Валер Шчукін, які 2004 год сустрэне на чыгуначным вакзале ў Полацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG