Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

Як мы ўжо згадвалі ўчора, у ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 году бальшавікі гвалтам разагналі ў Менску Першы Ўсебеларускі зьезд, які павінен быў вырашыць будучыню краіны пасьля падзеньня Расейскай імпэрыі. Рада Зьезду абвясьціла пра свае ўладныя паўнамоцтвы ў межах Беларусі і далей працягвала сваю працу аж да 25 сакавіка 1918 году, калі было абвешчана пра стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Цікава, што адначасова з разгонам беларускага зьезду 31 сьнежня 1917 году савецкая Расея прызнала незалежнасьць Фінляндыі.

Праз год, у 1918-м, бальшавіцкае кіраўніцтва Беларусі, якое базавалася ў Смаленску, у ноч з 30 на 31 сьнежня абвесьціла пра стварэньне БССР. Праз тыдзень сталіца БССР была перанесеная з Смаленску ў Менск, а Смаленшчына разам зь Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай былі адлучаныя ад Беларусі і далучаныя да РСФСР.

Параўноўваючы гэтыя гістарычныя даты, мы бачым, што ў адрозьненьне ад Усебеларускага зьезду, дэлегаты якога прадстаўлялі ўсе мясцовасьці, сацыяльныя групы і нацыянальнасьці Беларусі, БССР была абвешчаная на зьезьдзе адной партыі, якая і стваралася для гэтага абвяшчэньня, а да таго ж была не самастойнай палітычнай адзінкай, а структурным падразьдзяленьнем бальшавіцкае партыі Расеі.

Сёньня спаўняецца 80 гадоў, як упершыню ў сьвеце на Новы год праз радыё быў перададзены звон гадзіньніка. Адбылося гэта ў Англіі, дзе перадаваўся звон знакамітага Біг Бэна. Шмат хто лічыць, што Біг Бэнам называецца ўсім вядомая лёнданская вежа. Насамрэч гэта імя 13-тоннага звону ў гадзіньніку на гэтай вежы.

31 сьнежня 1957 году пачала працу Гомельская абласная студыя тэлевізіі, а 31 сьнежня 1989 году была створаная Беларуская фэдэрацыя футболу. Беларусь з гэтага моманту стала юрыдычна раўнапраўнай зь іншымі футбольнымі краінамі сьвету.

Сярод славутых людзей, што нарадзіліся 31 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага мастака Анры Маціса, амэрыканскага генэрала Джорджа Маршала, які прыдумаў плян пасьляваеннага аднаўленьня Эўропы і атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію, і вядомага кінаактора Энтані Гопкінса.

А яшчэ сёньня спаўняецца 10 гадоў як пакінуў гэты сьвет грузінскі прэзыдэнт Зьвіяд Гамсахурдзія. 4 гады таму датэрмінова пайшоў у адстаўку расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG