Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CТВОРАНЫ ДЗЯРЖАЎНЫ ВАЙСКОВА-ПРАМЫСЛОВЫ КАМІТЭТ


Юры Сьвірко, Менск

Старшынём новага Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту прызначаны Мікалай Азаматаў, які дагэтуль працаваў генэральным дырэктарам менскага аб’яднаньня “Агат”. Варта нагадаць, што “Агат” раней быў абаронным заводам, а цяпер, паводле афіцыйнай вэрсіі, вырабляе аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня для энэргетыкі, транспарту, апаратуру, якая здымае ды апрацоўвае інфармацыю, а таксама спэцаўтамабілі.

Менавіта на гэтае прадпрыемства перайшоў працаваць старэйшы сын кіраўніка дзяржавы Віктар Лукашэнка, які стаў начальнікам аддзелу замежнаэканамічных сувязяў навукова-дасьледчага інстытуту сродкаў аўтаматызацыі “Агат”, чый абарот складае 50 мільёнаў даляраў на год. Сёлета ў траўні ў інтэрвію “Комсомольской правде” ён пацьвердзіў, што з абароннай прамысловасьцю “Агат” не разьвітваўся. Як сказаў Віктар Лукашэнка, “там выпускаецца і цывільная прадукцыя — ня толькі вайсковая”. Прызначэньне дырэктара “Агату” кіраўніком беларускага ВПК раскрыла сакрэт, пра які шмат хто ведаў.

Новы дзяржкамітэт зьявіўся ў апошні дзень тэрміну, які Аляксандар Лукашэнка даў ураду на канчатковае фармаваньне новай структуры дзяржаўнага кіраваньня. Мэтай было скараціць 815 чыноўнікаў, але, як звычайна, зьявіліся новыя. Спадар Лукашэнка крытыкаваў урад за тое, што пытаньнямі замежнага гандлю займаліся тры міністэрствы — замежных справаў, эканомікі й гандлю. Цяпер гэтыя ж пытаньні будуць яшчэ і ў кампэтэнцыі новага дзяржкамітэту.

Новы прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі на паседжаньні прэзыдыюму Саўміну больш казаў пра дасягненьні ўраду сёлета. Паводле прэм’ера, сярэдні заробак бюджэтніка склаў 128 даляраў, а працаўніка прамысловасьці — 150 даляраў. Апошні паказьнік цягам наступнага году мусіць павялічыцца яшчэ на 40 даляраў. Адметна, што стаўкі збораў у беларускі бюджэт вызначаюцца ў эўра, а заробкі прагназуюць у далярах, якія апошнім часам абясцэньваюцца. Незалежныя эканамісты называюць прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў 2004 годзе нерэальным, бо ў ім паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі заплянаваныя вельмі высокія лічбы росту беларускай эканомікі — на 10 адсоткаў за год. Нават больш сьціплыя штогадовыя прагнозы, якія раней прымаліся ўрадам, ніколі цалкам ня спраўджваліся. А дасягнуць сярэдняга заробку 190 даляраў можна ўжо сёньня, калі яшчэ больш падвысіць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі ды зьменшыць адпаведныя кампэнсацыі зь бюджэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG