Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВАГОДНІЯ СЬВЯТЫ — ГАРАЧАЯ ПАРА ДЛЯ ТРАЎМАТОЛЯГАЎ


Ганна Соусь, Менск

Штодня ў траўматычны пункт шпіталю хуткай дапамогі зьвяртаецца па дапамогу ў сярэднім каля 60 чалавек з траўмамі, 15–20 зь іх шпіталізуюць. Як паведаміў Радыё Свабода загадчык 3-га траўматалягічнага аддзяленьня Ўладзімер Цароў, колькасьць хворых у ягоным аддзяленьні з надыходам зімы і навагодніх сьвятаў павялічваецца прыблізна ў паўтара разу. І ў кожнага пацыента свая гісторыя.

(Спадарыня: ) “Павалілася на руку. У выніку — адкрыты пералом. Вось і ляжу”.

(Спадар: ) “Перахадзіў дарогу па пешаходным пераходзе. Гэта было ўвечары. Рэзка азірнуўся, і ліхтары ў твар — удар. Ачуняў, гляджу — людзі стаяць, ляжу на гэтым пераходзе, рука, нага паламаная. Прывезьлі сюды, ляжу на выцяжцы”.

(Спадарыня: ) “Адкрыты пералом. Гуляла зь дзіцем і ўдарылася аб дзіцячую пясочніцу”.

(Спадар: ) “Мяне завуць Вадзім. Працую на МАЗе. Траўма на вытворчасьці. Палез падцягнуць сальнік, і ў мяне зачапіліся нагавіцы за электраматор і насос, у выніку вырвала сухажыльле. Начальства вінаватае, што ахоўнага кожуху не было”.

(Спадар: ) “Мяне Віталь завуць. Я трапіў сюды з прычыны спартовай траўмы. Гулялі ў футбол, я неасьцярожна разьвярнуўся ля каркасу з батарэяй і разарваў сухажыльле”.

(Спадар: ) “Ну, як здарылася. Неяк мыліцы ня ўзяў у ванны пакой. А ў ваньне нага паехала і распаясаўся. Адна нага ў адзін бок, другая ў другі”.

Хворыя ляжаць у палатах па шэсьць чалавек, некаторыя ў калідоры. Большасьці пацыентаў давядзецца сустракаць Новы год у шпіталі. Некаторыя лічаць, што на сьвяты тут зьявіцца шмат новых хворых.

(Спадар: ) “Канечне, траўмаў паболее, няма пытаньняў. Таму што народ будзе гуляць. Непазьбежна, я так думаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А як тут Новы год будзеце сустракаць?”

(Спадарыня: ) “Ніяк, як тут будзеш сустракаць… Спаць будзем ды ўсё”.

(Спадар: ) “Жонка кульгавая ходзіць, ледзь жывая. Прыедзе сюды на таксі на Новы год”.

(Карэспандэнтка: ) “Як будзеце Новы год сустракаць?”

(Спадарыня: ) “Ну як жа, у ложку”.

(Карэспандэнтка: ) “На калідоры?”

(Спадарыня: ) “Сёньня ў палату перавядуць ужо. Ужо так не пашэнціла, што страх”.

Дарэчы, людзі састарэлага ўзросту складаюць цяпер большасьць пацыентаў траўматалягічнага аддзяленьня. Паводле загадчыка аддзяленьня Ўладзімера Царова, напарэдадні сьвятаў тут выпісваюць усіх хворых, якія ўжо ня маюць патрэбы ў пільным доглядзе, каб былі вольныя месцы. Уладзімер Цароў прагназуе, што на навагоднія сьвяты найбольш давядзецца працаваць лекарам траўматалягічных і апёкавых аддзяленьняў.

(Цароў: ) “Мы гатовыя да гэтага. Праведзены адпаведны інструктаж. Пэрсанал шпіталю мае ўсё неабходнае. Пры патрэбе мы акажам неабходную дапамогу. Як правіла, у сьвяты дзяжурыць высокакваліфікаваны пэрсанал. Асабліва калі мяркуецца, што будзе павялічаная колькасьць пацярпелых. У любым выпадку нават заўтра 31 сьнежня ў нас звычайны апэрацыйны дзень”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG