Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАНАВІЦКАЯ ПЭНСІЯНЭРКА ВЫЙГРАЛА СУДОВУЮ СПРАВУ Ў МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ


Алесь Горбач, Баранавічы

Упершыню спадарыня Анойкіна зьвярнулася ў суд з заявай, у якой прасіла змусіць Міністэрства абароны да капітальнага рамонту. Тады адказчыкі цьвердзілі, што дом па вуліцы Камарова, 10 даўно ўжо прызнаны аварыйным, мае больш за 80% зносу і з гэтай прычыны ніякаму рамонту не падлягае. Узяўшы гэты факт за аснову, суд адмовіў пэнсіянэрцы ў задавальненьні пазову. Калі ж яна падала новую заяву з просьбай выселіць яе з аварыйнага будынку і даць узамен новае жытло, тыя ж адказчыкі пачалі цьвердзіць, што дом ніколі аварыйным не прызнаваўся, кватэра для пражываньня прыдатная. А барак, паводле новага акту абсьледаваньня раптам “памаладзеў” і меў ужо 72% зносу.

Спадарыня Анойкіна дзівіцца з такой анамальнай зьявы:

(Анойкіна: ) “Мая кватэра для далейшага пражываньня прыгодная!.. Ага, памаладзела! Дык хоць дакажыце, як гэта барак мог памаладзець? Бо ніхто ж нічога не рабіў”.

Тады, год таму, суд ізноў адмовіў спадарыні Анойкінай у задавальненьні яе патрабаваньняў. Давялося прайсьці ўсе судовыя інстанцыі, пакуль намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду ня вынес пратэсту на рашэньне баранавіцкага правасудзьдзя, і справу не вярнулі на новы разгляд. Адказчыкі па-ранейшаму не прызнавалі справядлівасьці патрабаваньняў Анойкінай. Аднак рашэньне, якое абвесьціў судзьдзя Пётар Макадай, было не на іх карысьць. Суд абавязаў вайсковае ведамства выселіць пэнсіянэрку з аварыйнага жытла ды даць ёй новую кватэру, а таксама спагнаў зь Міністэрства судовыя выдаткі.

Нягледзечы на атрыманую перамогу, пэнсіянэрка пэсымістычна глядзіць на далейшае разьвіцьцё падзеяў, ня верыць, што ёй выдзеляць новую кватэру. Судовая справа, паводле спадарыні Анойкінай, мела для яе больш прынцыповае значэньне:

(Анойкіна: ) “Я хацела даказаць, што ня лыкам шытыя людзі”.

А для сілавікоў, бадай, страшны сам судовы прэцэдэнт: у чатырнаццаці такіх жа бараках жыве яшчэ 185 сем’яў, і Міністэрства абароны цьвердзіць, што сродкаў для паляпшэньня іхных жыльлёвых умоваў ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG