Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ВЯСКОЎЦЫ НЕ КУПЛЯЮЦЬ НАВАГОДНІХ ЁЛАК?


Севярын Квяткоўскі, Івянец-Менск

У мястэчку Івянец Валожынскага раёну ў большасьці сем’яў сьвяточныя ялінкі паставілі яшчэ перад Калядамі, бо тут большасьць насельнікаў — каталікі. У мястэчку жыве пяць тысяч чалавек, альбо пад паўтары тысячы сем’яў. Я затэлефанаваў у Івянецкае лясьніцтва, што месьціцца на ўскрайку Налібоцкае пушчы. У лясьніцтве мне паведамілі, што вядуць ажыўлены гандаль ялінкамі зь менскімі ўстановамі і фірмамі.

(Карэспандэнт: ) “Індывідуальна людзі прыходзяць да вас?”

(Супрацоўніца: ) “Так, так... У нас у асноўным выпісываюць, а пасьля самі сякуць”.

(Карэспандэнт: ) “А многа людзей да вас зьвярнулася?”

(Супрацоўніца: ) “Асабіста ў мяне па дакумэнтах мала. Шчыра кажучы, сем чалавек. (Сьмяецца.) А я ня ведаю, дзе бяруць тыя елачкі”.

З чатырох тысяч дарослых насельнікаў Івянца па дазвол на высечку елак зьвярнуліся сем чалавек. Каб дазнацца, дзе ж узялі елачкі астатнія івенчукі, я выйшаў з дыктафонам на вуліцу мястэчка:

(Спадарыня: ) “Елкі ўсе моладзь нясе зь лесу. І ўпрыгожваюць... Ну, можа й забаронена. Але стараемся ўпрыгожваць гэтыя елкі”.

У Камітэце лясной гаспадаркі мне паведамілі, што ў параўнаньні з дзевяностымі гадамі сёлета сытуацыя зь незаконнай высечкай елак спакойная.

(Мысьлейка: ) “Ну, рэйды робім, ганяем, перавялі лесьнікоў у абходы, дзе найбольш незаконных высечак”.

Гэтыя словы належаць начальніку сэктару аховы лесу Івану Мысьлейку. Спадар Мысьлейка мяркуе, што зьніжэньне попыту на елкі зьвязанае з модай на штучныя навагоднія ялінкі, а таксама са старэньнем нацыі:

(Мысьлейка: ) “Насельніцтва — чатыры мільёны пэнсіянэраў, трэба ім ёлка тая?.. Па-другое, сьмецьце гэтае ў хату цягнуць таксама ня кожны жадае”.

Найбольшую шкоду незаконнымі высечкамі лесу робяць гараджане, якія складаюць бальшыню насельніцтва краіны. А на незаконныя высечкі ялінак сялянамі ўлады пакуль глядзяць скрозь пальцы:

(Мысьлейка: ) “А калі ў вёсцы адзін і скрадзе, не такая гэта вялікая страта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG