Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕБЯСЬПЕЧНЫЯ ЦАЦКІ

Любоў Лунёва, Менск

Ва ўсім сьвеце у сьвяты выбухаюць пэтарды. Чаму ж у нас такія сумныя наступствы? У Менску з 1995 году забаронены продаж пэтардаў — натуральна, гэта цягне нелегальны гандаль. Штогоду напярэдадні сьвятаў на менскіх вуліцах, прылеглых да рынкаў, гандляры прапануюць сумнеўнай якасьці пэтарды, фаервэркі ды іншыя рэчы, якія можна параўнаць з выбуховымі рэчывамі. Зразумела, ніякага сэртыфікату якасьці на іх няма. Пэтарды вырабляюць кітайцы і віетнамцы саматужным чынам. Галоўныя пакупнікі дзеці, большасьць зь іх хлопчыкі, але набываюць пэтарды і дарослыя. Дарэчы, каштуюць яны нятанна. Дзеці просяць грошай у сваіх бацькоў, эканомяць на школьных абедах, скідваюцца некалькі чалавек, каб потым разам у двары выбухнуць ракету.

Цяпер у 4-м дзіцячым клінічным шпіталі знаходзяцца каля дваццаці дзяцей у аддзяленьнях афтальмалёгіі і хірургіі твару, якія спрабавалі выбухнуць пэтарду. Сярод іх ёсьць і маленькі, якому толькі споўнілася тры гады, яму бацькі далі хлапушку. Цяпер мэдыкі робяць усё неабходнае, каб захаваць дзіцяці зрок. Зразумела, што хлопцы больш за дзяўчат захапляюцца выбухамі, таму яны складаюць асноўную колькасьць пацыентаў. Адным пасьля выбуху трапілі нейкія рэчывы ў вочы, іншым ад выбуху параніла твар. Ёсьць дзеці, якім нават зрабілі складаныя апэрацыі. Многім спатрэбіцца і плястычны хірург.

У апёкавым цэнтры шпіталю хуткай дапамогі таксама каля трох дзясяткаў ахвяраў фаервэркаў. Бывае, што трапляюць туды нават не па адным, а ўсёй кампаніяй. Мэдыкі распавялі, як трое хлопчыкаў набылі пэтарду і на вуліцы спрабавалі яе выбухнуць. Нешта там кепска гарэла, і яны схіліліся над ёй менавіта ў тую сэкунду, калі яна выбухнула. Выбух быў такі, што на адным зь іх загарэлася куртка. Хлопчык атрымаў апёк амаль усяго твару, другі — апёк твару і рук, у трэці займеў апроч апёкаў яшчэ й пералом рукі.

Мэдыкі прагназуюць, што ў навагоднюю ноч будзе самы высокі паказчык колькасьці ахвяраў фаервэркаў. Цягам тыдню трапляюць дзеці, якія ня вытрымалі спакусы і выбухнулі свае ракеты. Большасьць зь іх назапасілі іх менавіта на навагоднюю ноч.

Дарэчы, ахвярамі пэтардаў робяцца ня толькі людзі — і сабакі з гэтае прычыны трапляюць у лякарні. Былі выпадкі, калі п’яны гаспадар кідаў пэтарду свайму сабаку. Бедныя жывёлы губляюць зрок і слых ці паміраюць ад інфаркту.
XS
SM
MD
LG