“Звезда”, 1923 год:
“Адзінаццаты зьезд Саветаў Віцебскай губэрні, улічваючы, што значную частку насельніцтва Віцебскай губэрні складаюць беларусы і імкнучыся да іх нацыянальнага аб’яднаньня, выказаўся за далучэньне да Савецкай Беларусі частак губэрні зь пераважным беларускім насельніцтвам. Старшыня зьезду Анохін”.
“Віцебскі пралетарый”, 1933 год:
“Сьмерць тав. А.В.Луначарскага. Совет Народных Камісараў Саюза ССР з глыбокім жалем паведамляе аб сьмерці паўнамоцнага прадстаўніка Саюза ССР у Гішпаніі, старога большэвіка, выдатнага рэвалюцыйнага дзеяча ў галіне совецкай культуры — тав. Луначарскага Анатоля Васільевіча, пасьледваўшай 26 сьнежня 1933 году ў горадзе Ментоне (Францыя)”.
“Европейское время”, 1993 год. С.Букчын разважае:
“На жаль! — сумна выглядае гэтым разам беларуская навагодняя елка. Бедна. І нават груба. Замест цацак — усяго дзьве стрэлкі, каля якіх зьніякавеў у непаразуменьні абываталь: куды ні пойдзеш — абяцаюць толькі дулі. Сытуацыя, якая дастаткова дакладна адлюстроўвае стан нашага чалавека, якога звычайна завуць шараговы грамадзянін. Аднак ці варта маркоціцца, спадару? Уздымі галаву! Чуеш? Цябе зноў кліча на подзьвігі партгасактыў, які чамусьці называе сябе парлямэнтам. Ты яшчэ не забыў “Харчовай праграмы”? Яна даўно ўжо выкананая! Цяпер у цябе новая задача, мой сябра. І пазначаная яна вельмі канкрэтна: “Аб шляхах выйсьця Рэспублікі Беларусь з крызыснай сацыяльна-эканамічнай сытуацыі і паскарэньні рынкавых рэформ”. Хто ж, пытаесься, будзе выводзіць і паскараць? А ты і будзеш, спадар. Больш няма каму”.