Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЙБОЛЬШ ПАПУЛЯРНЫМ ПОЛЬСКІМ ПАЛІТЫКАМ СЁЛЕТА БЫЎ ЦЯПЕРАШНІ ПРЭЗЫДЭНТ КРАІНЫ АЛЯКСАНДАР КВАСЬНЕЎСКІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Найбольш палякаў вераць свайму прэзыдэнту – аж 73%. Прычым, тут варта адзначыць, што за 8 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Квасьнеўскага рэйтынг ягонай папулярнасьці амаль што ніколі не апускаўся ніжэй за 70%.

Палякі любяць сваго прэзыдэнта за адукаванасьць, здольнасьць да кампрамісаў, а таксама, як цяпер кажуць “рэпрэзэнтабэльнасьць”. Квасьнеўскі добра выглядае сярод сусьветных лідэраў, гаворыць па-ангельску і па-расейску, мае добрыя адносіны, сярод іншых, з Джорджам Бушам. Цягам ягонага прэзыдэнцтва пазыцыя Польшчы значна ўзмацнілася на эўрапейскай і сусьветнай арэне, а цяперашні кіраўнік НАТА назваў Аляксандра Квасьнеўскага найлепшым кандыдатам на пасаду кіраўніка Альянсу.

Палітык, якому палякі вераць менш за ўсіх – гэта прэм’ер Лешэк Мілер. Трохі больш за два гады таму ягоная партыя выйграла выбары, але цяпер яму ня вераць амаль што дзьве траціны палякаў. Гэта можна патлумачыць тым, што, паводле польскай канстытуцыі, менавіта прэм’ер-міністар адказвае за эканамічную сытуацыю ў краіне, а яна цягам апошняга часу значна не палепшылася.

Даволі цікава, што каля 40% палякаў вераць лідэру папулісцкай партыі “Самаабарона” Анджэю Лепэру, якога яшчэ часам называюць “польскім Лукашэнкам”. Адная з найбольш трывалых тэзаў гэтага палітыка гучыць вельмі знаёма: “усе гэтыя палітыкі, акрамя нас, ужо былі пры ўладзе і нічога не зрабілі, а вось калі мы прыйдзем, дык усіх вінаватых будзем судзіць і г.д.”.

Калі амаль два месяцы таму было праведзенаяе апытаньне, у часе якога ў палякаў пыталіся, за каго б вы прагаласавалі ў прэзыдэнцкіх выбарах, дык нечакана каля 40% рэспандэнтаў назвалі імя жонкі цяперашняга прэзыдэнта – гэта было першае месца. Іялянта Квасьнеўская вядзе даволі актыўную грамадзкую дзейнасьць, яна стварыла добра цяпер вядомую ў Польшчы дабрачынную фундацыю, пастаянна суправаджае мужа падчас важных замежных паездак. Акрамя гэтага, спадарыня Квасьнеўская ніколі ня сварылася з каталіцкім касьцёлам, што вельмі істотна.

Прэзыдэнт Квасьнеўскі напярэдадні заявіў, што ягоная жонка яшчэ ня вырашыла, балятавацца ёў у 2005 годзе ці не, але яе кандыдатуру ўжо сур’ёзна бяруць пад увагу вядучыя польскія палітыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG