Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАГАДАЎ ВЯРНУЦЬ ДЗЯРЖАВЕ ПАБУДОВЫ, ПРАЗ ВАЛОДАНЬНЕ ЯКІМІ “НЕХТА ДОБРА БАГАЦЕЕ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Уладальнікам будынкаў у гістарычных частках Менску Верхнім горадзе і Траецкім прадмесьці пагражае нацыяналізацыя. 29 сьнежня Аляксандар Лукашэнка загадаў за тры месяцы 2004 году вярнуць дзяржаве пабудовы, праз валоданьне якімі “нехта добра багацее”. Паводле кіраўніка Беларусі, ня варта пераглядаць правы на валоданьне будынкамі толькі ў тых выпадках, калі будынак належыць рэлігійнай канфэсіі.

Нагадаем, рамонт і рэстаўрацыя Траецкага прадмесьця і Верхняга гораду пачаліся два дзесяцігодзьдзі таму. Траецкаму прадмесьцю пашанцавала больш — тут асноўныя работы былі завершаныя яшчэ пры канцы 1980-х гадоў на сродкі з гарадзкога бюджэту. А за Верхні горад будаўнікі ўзяліся ўжо ў незалежнай Беларусі, калі ў новых палітычных умовах не хапала грошай на доўгатэрміновую рэстаўрацыю. Вырашылі задзейнічаць новыя схемы фінансаваньня. У прыватнасьці, гарадзкія ўлады дазволілі прыватнікам прыватызаваць частку будынкаў з абавязацельствам адрэмантаваць іх за свае грошы, а таксама прафінансаваць упарадкаваньне прылеглай тэрыторыі.

Гэтак на тэрыторыі Верхняга гораду і ў Траецкім прадмесьці зьявіліся рэстараны, салёны прыгажосьці, крамы і нават казыно. Таксама для рамонту будынкаў Верхняга гораду менскімі гарадзкімі ўладамі было створанае акцыянэрнае таварыства “Стары Менск”. Гэта яно нядаўна аднавіла будынак гарадзкой ратушы.

Ці мае дзяржава права забіраць тое, што аднойчы аддала прыватнікам? Паводле закону такія дзеяньні немагчымыя, але, як сьцьвярджаюць адмыслоўцы ў справе маёмасьці, дзяржава заўсёды мае магчымасьць перагледзець умовы прыватызацыі ці знайсьці нейкія парушэньні ў былой прыватызацыі. Паводле Ігара Чарняўскага, намесьніка старшыні дэпартамэнту аховы гістарычнай спадчыны Менгарвыканкаму, прыватызацыя ў Вернім горадзе магла прайсьці недасканала, што і прывяло да неразьбярыхі.

(Чарняўскі: ) “Лічу, што там трэба знайсьці нармальнага гаспадара. Бо там бывае такое, што з-за гэтай прыватызацыі адзін дом належыць васьмі ўладальнікам і парадку няма”.

Ігар Чарняўскі не выключае, што новым уладальнікам нацыяналізаваных будынкаў у Верхнім горадзе будзе кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

Што адбудзецца, калі ў тых фірмаў, якім пакуль належаць будынкі у Верхнім горадзе і Траецкім прадмесьці, сапраўды забяруць іх маёмасьць?

Гэта магчыма прасачыць на прыкладзе фірмы “Белім”, якая мела некалькі будынкаў у Верхнім горадзе на вуліцы Герцэна. Год таму маёмасныя правы гэтай фірмы ўжо былі перагледжаныя. Цяпер будынак, у якім месьціцца салён прыгажосьці, адышоў кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Паводле супрацоўнікаў салёну, плата за арандаваную плошчу павялічылася, а ўмовы працы сталі горшыя.

(Жанчына: ) “Стала горш. Раней тут была ахова, а цяпер яе няма, сюды заходзяць хуліганы, і нашыя кліенты баяцца сюды хадзіць у цёмны час дня. А вось выпаў сьнег і ніхто не прыбраў яго з дарогі, давялося дзяўчынкам-цырульніцам самім браць рыдлёўкі. Дрэнна, калі няма сапраўднага гаспадара”.

Усяго прыватызацыя будынкаў у Верхнім горадзе і Траецкім прадмесьці можа закрануць інтарэсы некалькіх дзясяткаў фірмаў, у тым ліку і тых, хто арандуе там плошчы. Ім яўна давядзецца плаціць больш. Аляксандар Лукашэнка ўжо загадаў перагледзець умовы арэнды для гэтых фірмаў і арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG