З уступным словам выступіў найстарэйшы дэпутат, сябра парлямэнцкай фракцыі партыі “Родина” 80-гадовы Валянцін Варэньнікаў. Ён назваў галоўным прыярытэтам працы новай Думы ўдваеньне валавага ўнутранага прадукту, пераадоленьне беднасьці і мадэрнізцыю ўзброеных сілаў Расеі. Скарачэньне колькасьці насельніцтва краіны, крайне маруднае адступленьне беднасьці – гэта вынік “слабога эканамічнага фундамэнту нашай дзяржавы і недастатковай эфэктыўнасьці працы дзяржаўнага апарату”, – адзначыў Варэньнікаў.
На першым паседжаньні Думы 4-га скліканьня выступіў прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Ён адзначыў, што дэпутаты прадстаўляюць розныя палітычныя сілы, аднак гэта не павінна перашкаджаць ім працаваць для дабра сваёй краіны. “Перад народнымі абраньнкамі стаіць задача ўнікнуць у сутнасьць вялікага кола праблемаў: эканамічных, сацыяльных, міжнародных і проста жыцьцёвых. Людзі зь першых дзён працы Думы будуць ацэньваць дзейнасьць сваіх абраньнікаў, а дэпутаты павінны памятаць пра свой доўг перад выбаршчыкамі”, – адзначыў прэзыдэнт.
Сёньня дэпутаты зацьвердзілі парадак працы. Было вырашана ўхваліць Падліковую Камісію і Часовую камісію рэглямэнту і арганізацыі працы Думы. Перад дэпутатамі стаіць задача абраць старшыню Думы, ягоных двух першых намесьнікаў і 8 намесьнікаў. “Адзіная Расея” прапануе на пасаду старшыні Барыса Грызлова, блок “Родина” – Дзьмітрыя Рагозіна, а фракцыя КПРФ – Івана Мельнікава. Мяркуецца, што старшынём будзе абраны прадстаўнік “Адзінай Расеі”, якая мае ў Думе 246 месцаў.
Мы пацікавіліся ў нашага парлямэнцкага карэспандэнта ў Дзярждуме-Міхаіла Сакалова, на якія асаблівасьці сёньняшняй цырымоніі адкрыцьця паседжаньня і новае ў паводзінах дэпутатаў ён зьвярнуў ўвагу?
(Сакалоў: ) “Тое, што я ўбачыў, нагадала мне гэтак званыя "парлямэнты" савецкіх часоў па сваёй адрэгуляванасьці, па стылі праводжаньня паседжаньня, па высокай дысцыпліне галоўных фракцыяў, па аднадумным ухваленьні прыбыцьця прэзыдэнта Пуціна. Адным словам, рэстарўрацыя савецкасьці, хаця і на крыху іншым узроўні. Я думаю, што ўсё гэта выразна выявіцца ў працы Думы над законамі, у сувязі з тым, што ёсьць пераважная большасьць, падкантрольная крамлёўскай бюракратыі, і гэтая большасьць будзе дзейнічаць, як зладжаная машына для галасаваньня, што і было прадэманстравана на першым паседжаньні, гэта значыць, галасаваньне фактычна ня ўлічвае якіх-небудзь пазыцыяў апазыцыянэраў”.
Блёк “Родина” можа гаварыць пра свой выбарчы посьпех. Сёньняшняе паседжаньне адкрыў прадстаўнік гэтага блёку, адстаўны генэрал і былы сябра ГКЧП Варэньнікаў. З ініцыятывай адразу прыступіць да абраньня старшыні Думы выступіў яшчэ адзін зь лідэраў “Родины” Бабурын. Наколькі важкай у сымбалічным або арганізацыйным пляне была пазыцыя “Родины”?
(Сакалоў: ) “Я лічу, што ніякага значэньня гэта ня мае, паколькі блок "Родина" у дастатковай ступені кантралюецца крамлёўскай адміністрацыяй. Там ёсьць пэўная колькасьць людзей, якія належаць да радыкальнай, нацыяналістычнай партыі "Народная Воля", у тым ліку Сяргей Бабурын і яго калега, сп. Блотаў. Гэтыя людзі адносна свабодныя ад ўплыву Крамля, але гэта ўсяго толькі дэкаратыўны дадатак да гэтай партыі. Усе астатнія, улучна са сп. Глазьевым і генэралам Варэньнікавым, былым сябрам ГКЧП (дарэчы, апраўданым судом як выканаўца загадаў), дык вось усе астатнія займаюць пра-прэзыдэнцкія пазыцыі, што, я думаю, будзе пацьверджанае заўтра, у часе паседжаньня іхнага аб'яднаньня у справе прэзыдэнцкіх выбараў. Хутчэй за ўсё, свайго кандыдата, калі, зразумела іх Крэмль не папросіць нейкім чынам ажывіць перадвыбарную паляну, яны выстаўляць ня будуць".
Мы пацікавіліся, ці ў часе сёньняшняга паседжаньня нейкім чынам адчувалася прысутнасьць апазыцыйных дэпутатаў, ці чуваць зь іхнага боку нейкія прапановы, або іх настолькі мала, што як бы іх наагул не было?
(Сакалоў: ) “Гэта праўда. Іх проста няма, таму што некаторыя дэпутаты, якія прайшлі дзякуючы падтрымцы Саюзу правых сілаў, "Яблока", большасьць зь іх ужо ўступіла ў фракцыю "Адзіная Расея", у якой ўжо 300 дэпутатаў. Некалькі незалежных, такіх як Уладзімер Рыжкоў, Пахмелкін, яны нават не пасьпелі выступіць на паседжаньні Думы. Апазыцыянэры спрабуюць у некаторай ступені паказацца, але па-мойму, ніякай ролі дэмакраты ў гэтай Думе ня будуць адыгрываць, ня будуць мець уплыву на прыманьне рашэньняў. Прастаўнікі правага крыла Саюзу правых сілаў, фракцыі Чубайса-Гайдара, будуць уплываць на выканаўчую ўладу праз сваіх людзей ва ўрадзе, уносіць законапраекты, і калі яны будуць ўхваленыя адміністрацыяй прэзыдэнта, то яны будуць са сьвістам праходзіць галасаваньне ў Думе. Усе тыя, хто яшчэ ўчора называлі сябе левацэнтрыстамі, цэнтрыстамі, прадстаўнікамі рэгіёнаў, абаронцамі правоў суб'ектаў фэдэрацыі, яны будуць бы ў машыне для галасаваньня ўхваляць усё, што выйдзе з Крамля. У гэтым няма ніякага сумневу”.