Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ РАТАВАЛЬНІКІ Ў ІРАН НЕ ЗЬБІРАЮЦЦА

Юры Сьвірко, Менск

Руіны ў горадзе Бам даводзіцца збольшага разьбіраць рукамі, бо пад імі могуць заставацца жывыя людзі. У ноч на панядзелак, на чацьвертыя суткі пасьля землятрусу, удалося выцягнуць з-пад завалаў жывую й здаровую паўтарагадовую дзяўчынку, якая знаходзілася на руках у мёртвай маці. Іранскім ратавальнікам дапамагаюць іх замежныя калегі. У Баме працуюць 140 ратавальнікаў з Расеі, якія прывезьлі з Масквы гідраўлічнае аварыйна-выратавальнае абсталяваньне, што дазваляе працаваць уначы. Ці будзе дасланая беларуская дапамога Ірану? Як паведаміла памочніца іранскага амбасадара ў Менску, прадстаўнікі МЗС Беларусі ўжо гэтым займаюцца:

(Памочніца: ) “Яны будуць аказваць гуманітарную дапамогу, таму што з раніцы сёньня гэтае пытаньне абмяркоўвалася. Яны патэлефанавалі, зьвярнуліся з пытаньнем, што менавіта трэба. Мы ім паведамілі, што канкрэтна патрэбна. Трэба намёты, мэдыкамэнты, асабліва тыя, якія дэзінфікуюць, абсталяваньне для ачысткі вады, палявы шпіталь, калі яго можна разгарнуць, палявы генэратар для выпрацоўкі электраэнэргіі”.

Але ў беларускім Міністэрстве замежных справаў паведамілі, што яснасьці з дапамогай Ірану пакуль няма.

Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі з дапамогай іранцам таксама не сьпяшаецца, хаця досьвед працы і мажлівасьці беларускія ратавальнікі маюць. Кіраўнік цэнтру міжнароднага супрацоўніцтва пры МНС Аляксандар Дакучаеў распавёў:

(Дакучаеў: ) “Падчас паводак выяжджалі ў Расею, калі на Кубані былі праблемы. Яшчэ дапамагалі малдаванам, Украіне. У той час мы транспарту асаблівага ня мелі, каб кудысьці ляцець. Цяпер нібыта ёсьць дамоўленасьць з нашым камітэтам паветранага транспарту, што калі ёсьць рашэньне дзяржавы, то бок кіраўніка дзяржавы ці Савету Міністраў, то нам выдзяляецца самалёт, і мы адпаведна накіроўваем групу”.

Спадар Дакучаеў паведаміў, што наконт дапамогі іранцам нічога пакуль невядома.

(Дакучаеў: ) “Патрэбны ад іх ліст, што канкрэтна патрэбна. Тады нам прасьцей вырашаць пытаньне, таму што ў нас у любым выпадку ўсё гэта праходзіць як мінімум праз пастанову Савету Міністраў або паводле рашэньня кіраўніка дзяржавы, то бок прэзыдэнта. Але робіцца гэта ўсё вельмі хутка, цягам двух-трох дзён. Наконт Ірану афіцыйна ніякіх указаньняў нам не было”.

Хаця Аляксандар Лукашэнка накіраваў свае спачуваньні прэзыдэнту Ірану, далейшых рашэньняў на гэты конт ён не прымаў.
XS
SM
MD
LG