Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТАРЫХ ДАРОГАХ УСТАЛЯВАНЫ ПОМНІК НАТАЛЬЛІ АРСЕНЬНЕВАЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Помнік-гарэльеф аўтарства скульптара Анатоля Крывенкі быў створаны дзякуючы ахвяраваньням сябраў клюбу “Спадчына” і яго старшыні Анатоля Белага. 27 сьнежня бронзавы гарэльеф паэткі быў прывезены ў Старыя Дарогі й прымацаваны да валуна на тэрыторыі музэю-сядзібы выяўленчага мастацтва. Гаворыць Анатоль Белы:

(Белы: ) “Натальля Арсеньнева ўпісваецца ў кантэкст усясьветнай культуры. Тым больш у кантэкст нацыянальнай беларускай літаратуры й культуры й г.д. Але яе прозьвішча малавядомае — у школе дзеткі яе твораў не вывучаюць. Хаця наша творчая інтэлігенцыя добра ведае пра яе, знаёмая зь яе творчасьцю. І гімн “Магутны Божа” — гэта клясыка ўсясьветнай літаратуры. Гэта дае магчымасьць сьцьвярджаць, што такім людзям трэба ставіць помнікі. Гэта постаці ўсясьветнай культуры. На вялікі жаль, яе лёс, вечныя вандроўкі, неўладкаванасьць жыцьця зрабілі тое, што пра яе ня ведала шырокая грамадзкасьць”.

100-гадовы юбілей Натальлі Арсеньневай адзначаўся сёлета 20 верасьня. Анатоль Белы гаворыць, што непасрэдна да дня нараджэньня паэткі помніка ўсталяваць не ўдалося, бо цяжка было сабраць сродкі.

Анатоль Белы лічыць, што гэты альбо іншы, больш грунтоўны помнік павінен стаяць у Менску ці ў Слоніме — у гарадах, дзе Натальля Арсеньнева пэўны час жыла і працавала. Але пакуль не выпадае спадзявацца, што ўлады дадуць дазвол на ўзьвядзеньне там помнікаў паэтцы, якая для іх па-ранейшаму застаецца калябаранткай. Ёсьць таксама надзея, што мэмарыяльная шыльда Натальлі Арсеньневай будзе неўзабаве адкрытая ў Вільні.

З ініцыятывы Анатоля Белага толькі на тэрыторыі музэю ў Старых Дарогах было ўсталявана больш як 15 помнікаў розным славутым асобам Беларусі. Апроч таго, зьявіліся помнікі Эўфрасіньні Полацкай, Францішку Скарыну, Сымону Буднаму і Міколу Гусоўскаму на тэрыторыі Белдзяржунівэрсытэту. Сёлета спадар Белы ініцыяваў усталяваньне помнікаў гісторыку Міколу Ермаловічу ў Маладэчне й паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве.
XS
SM
MD
LG