Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЯК МІЛІЦЫЯ АБАРАНЯЕ ПРАВЫ ЛЮДЗЕЙ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Алег Гулак кажа:

(Гулак: ) “Часта людзі скардзяцца на міліцыю, што тая бязьдзейнічае. Прыкладам, на ўчастковых скардзяцца, якія нічога ня робяць супраць наркадылераў. Бацькі вельмі зацікаўленыя, каб саджалі ў турму тых, хто распаўсюджвае наркотыкі, і ўчастковы ня можа ня ведаць гэтых дзялкоў, але чамусьці нічога ня робіць. Ці яму прыплачваюць, ці нешта іншае, але часта адбываецца такое супрацоўніцтва”.

Праваабаронца лічыць, што збольшага міліцыя выконвае свае абавязкі ў справе барацьбы са злачынцамі й падтрыманьня грамадзкага парадку. Але ў дэмакратычным грамадзтве роля міліцыі мусіць быць шырэйшая за ролю карнага мэханізму для злодзеяў і вулічных хуліганаў, перакананы Алег Гулак. Паводле яго, міліцыя мусіць таксама стаяць на ахове правоў людзей, і найперш самых асноўных — права на жыцьцё, на здароўе, на маёмасьць, на недатыкальнасьць асобы, на свабоду выказваць свае погляды. З апошнім, зазначае праваабаронца, у Беларусі ўсё складаней. Ён згадаў шматлікія выпадкі, калі міліцыянты затрымлівалі людзей толькі за тое, што тыя трымалі плякат апазыцыйнага зьместу. Згадаў , як на судовых працэсах супрацоўнікі міліцыі давалі лжывыя сьведчаньні, абы толькі суд пакараў апазыцыянэраў. Алегу Гулаку ня раз даводзілася чуць такія паказаньні ў менскіх адміністрацыйных судах.

Аднак ня толькі ў палітычных справах выяўляецца своесаблівае стаўленьне да закону некаторых ахоўнікаў парадку. Гісторыя, якую распавядзе наша віцебская карэспандэнтка Браніслава Станкевіч, пачалася са звычайнага транспартнага здарэньня.

(Станкевіч: ) “Ці мусіць пешаход запамінаць усе машыны на дарозе? Віцебскія супрацоўнікі ДАІ лічаць, што так. Калі ў гэтую службу была зьвярнулася пацярпелая Алена Залеская, якую зьбіла на пешаходным пераходзе маршрутная таксоўка, міліцыянты вельмі хутка спынілі пошукі вінаватага, спаслаўшыся на тое, што яна занадта мала памятае машыну ды кіроўцу.

(Залеская: ) “15 ліпеня гэтага году я ішла па цэнтры гораду, і мне трэба было перайсьці вуліцу Леніна. Я рухалася па пешаходным пераходзе, і раптам бачу: проста на мяне ляціць машына, маршрутка, на вельмі вялікай хуткасьці. Я пасьпела толькі працягнуць рукі перад ёй, больш нічога не пасьпела, машына мяне зьбіла”.

Кіроўца падвёз спадарыню Залескую да названага ёю месца прызначэньня, а вось ужо да доктара-траўматоляга ёй давялося дабірацца самастойна: празь некалькі гадзінаў ёй моцна забалела ў назе, і дактары канстатавалі пералом, на цэлы месяц наклаўшы гіпсавую павязку. Тым часам супрацоўнікі ДАІ пачалі шукаць вінаватага.

(Залеская: ) “У траўмапункце мяне спыталі, як здарыўся пералом, і адказала, яны, як ім і належыць, паведамілі ў ДАІ. І не пасьпела я зайсьці ў кватэру, як мне з ДАІ патэлефанавалі й сказалі, што зараз прыедуць”.

Спачатку спадарыня Залеская вельмі ўзрадавалася, што расьсьледаваньне пачалося апэратыўна. Аднак далей усё пайшло ня так хутка: за наступныя тры з паловаю месяца супрацоўнікі ДАІ ўсяго два разы выяжджалі зь ёю на месца здарэньня, каб апазнаць машыну, што яе зьбіла. Калі машыны гэткім чынам вызначыць не ўдалося, спадарыня Залеская папрасіла паказаць ёй фотаздымкі кіроўцаў, зарэгістраваных у ДАІ, супрацоўнікі ёй проста адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ўсе дакумэнты захоўваюцца ў нейкім “іншым месцы”. У кастрычніку справу Алены Залескай закрылі, прычым ледзьве не зрабіўшы з пацярпелай вінаватую.

(Залеская: ) “Потым мне прыйшоў адказ: справа закрытая з прычыны недахопу зьвестак. Яны й мне спрабавалі казаць: што ж вы нічога не запомнілі, як вас машына зьбівала? Я абурылася! “Як гэта? — кажу. — Гэта што, абавязак пешахода такі — запамінаць усе машыны, што ідуць па дарозе? Гэта не да мяне мусяць быць папрокі, гэта я вас папракаць мушу!”

Гэты аповед пра пацярпелую Алену Залескую ды супрацоўнікаў ДАІ, якія ня дужа шчыравалі, шукаючы вінаватага кіроўцу, мог бы лічыцца завершаным, каб не яшчэ адна акалічнасьць, якая ўсхвалявала спадарыню Залескую ці ня болей за абыякавасьць міліцыянтаў. Алена Залеская паспрабавала самастойна паспрыяць расьсьледаваньню, зьмясьціўшы ў віцебскіх газэтах аб’явы пра пошук сьведкаў. Яна спадзявалася, што хаця бы нехта адгукнецца, бо ўсё адбылося сярод белага дня ды ў самым цэнтры гораду. Не адгукнуўся ніводзін чалавек.

(Залеская: ) “Такая грамадзянская пазыцыя нашых людзей мяне дзівіць! Працуючы на пасадзе старшыні гарадзкой арганізацыі АГП, мне вельмі часта даводзіцца сутыкацца з падобнай пазыцыяй. Калі за мяжой, асабліва ў Амэрыцы, дзе мне даводзілася неаднаразова бываць, людзі самі зьвяртаюцца ў паліцыю, калі хочуць некаму дапамагчы, то ў нас усё наадварот. Нашыя людзі вельмі баяцца міліцыі — баяцца несправядлівасьці зь ейнага боку, і таму імкнуцца быць як мага далей ад міліцыі, судоў ды падобных дзяржаўных структураў”.


* * *
Паводле Алега Гулака зь Беларускага Хэльсынскага камітэту, сёньня толькі 20 адсоткаў беларусаў давяраюць міліцыі. Гэта вельмі нізкі паказчык, і ён пацьвярджае распаўсюджанае меркаваньне, якое выказала Алена Залеская зь Віцебску. Дарэчы, яна паставіла ў прыклад Злучаныя Штаты Амэрыкі. Таму варта нагадаць , на чым там заснаваны высокі давер да паліцыі. Найперш на выбарнасьці кіраўнікоў мясцовага органу прапапарадку. Шэрыфа, які кіруе паліцыянтамі амэрыканскага мястэчка, абіраюць самі месьцічы, і гэта прымушае яго працаваць больш старанна і эфэктыўна.

Каб беларускія міліцыянты імкнуліся расьсьледаваць кожнае злачынства, а не хутчэй закрывалі яго за недаказанасьцю, трэба рэфармаваць усю сыстэму ўлады ў краіне, пачынаючы ад мясцовай, але найперш аднавіць парушаны ў 1996 годзе балянс заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, лічыць Алег Гулак. Пры гэтым ён нязгодны, што Беларусі варта пераймаць досьвед выбарнасьці кіраўнікоў мясцовай міліцыі.

(Гулак: ) “Мяркую, што калі б працавала незалежная і справядлівая судовая сыстэма, калі б не было тэлефоннага права, паводле якога часта дзейнічае альбо бязьдзейнічае міліцыя, ды ў самой міліцыі былі больш празрыстыя парадкі, то і давер да міліцыянтаў быў бы большы, і вынікі лепшыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG