Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ МУЗЫЧНАГА 2003 ГОДУ: НАГОДА ДЛЯ АПТЫМІЗМУ? ПЕРАДАЧА ПЕРШАЯ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Вітаю аматараў музыкі, і ня толькі іх, на хвалях Беларускай Свабоды! Заканчэньне году дыктуе падвесьці пэўныя вынікі таго, што адбывалася на працягу амаль 365 дзён у галіне айчыннай музыкі. І мне так здаецца, што падставы для дыскусіі ёсьць. Праўда, засяродзіць асноўную ўвагу сёньня мне хацелася б пажадана не на асобных фактах, хоць і на іх таксама, але ў першую чаргу на тэндэнцыях. Дзеля гэтага я запрасіў у нашую студыю журналістку Тацяну Заміроўскую і таксама журналіста, але й яшчэ музыканта, шоўмэна Аляксандра Памідорава. Дзень добры, калегі!

Дазвольце пачаць мне, каб адзначыць такую вось тэндэнцыю: 2003 год зрабіўся першым у гісторыі папулярных жанраў беларускай музыкі, калі актыўны летапісец, рэцэнзэнт Тацяна Заміроўская першай сярод айчынных журналістаў стала асьпіранткай унівэрсытэту, з чым цябе, Тацяна, я і Аляксандар шчыра віншуем!

(Аляксандар Памідораў: ) “Я гэтага, дарэчы, ня ведаў…”

(Падбярэскі: ) “Такім чынам, пра тэндэнцыі”.

(Тацяна Заміроўская: ) “Мне здаецца, што менавіта ў гэтым годзе нейкія асобныя плыні, якія рэпрэзэнтавалі тую ці іншую больш-менш элітарную музычную культуру, пачалі разьвівацца. Калі раней можна было казаць, што электронная сцэна ці блюзавая — яны проста ёсьць, дык цяпер пра гэта можна ўжо ў дынамічным разьвіцьці казаць. І, дарэчы, гэтая дынаміка нейкім чынам адпавядае ўсясьветным працэсам. Напрыклад, 2003 год прызнаны як год блюзу, і тут, у Беларусі, гэта таксама быў у чымсьці год блюзу”.

(Памідораў: ) “Што тычыцца “Svet & Al” як дуэту, як “Svet & Al Boogie Band” і асабліва Big Val — дык я з гэтым цалкам згодны. Вось людзі проста сабраліся і з канца мінулага году пачалі іграць разам, і за гэты год проста зрабілі — ну!.. Можа быць, я трохі наперад забягу, але вельмі прыемна, што ў гэтым годзе ўсё больш і больш людзей сталі разьлічваць на свае ўласныя сілы. І ўбачылі: усё, што ты робіш, гэта цалкам знаходзіцца ў тваіх уласных руках, гэта можна рабіць і нават значна больш якасна, чым гэта прапануе ну хаця б той варыянт таго, што цяпер у нас пакуль называецца шоў-бізнэсам. Шоў-бізнэс чамусьці пачынае разьвівацца ў бок сэлф-мэйд. Сэлф-мэйд — лепшы рокавы альбом у прынцыпе, я лічу, ня толькі за гэты год, але гэты альбом (“Люстэрка” — З.П.) “Уліса” таксама зьява, і яшчэ яе трэба будзе разглядаць асобна…”

(Заміроўская: ) “Але гэта не тэндэнцыя, гэта — факт! Але факт, перад якім усе тэндэнцыі проста…”

(Падбярэскі: ) “На тваю думку, гэта выйсьце з сытуацыі, якую мы маем, ці гэта проста такая рыса, тыповая для Беларусі?”

(Памідораў: ) “Калі ёсьць што сказаць, калі ты лічыш, што ты маеш што сказаць, маеш нешта за душой і вельмі хочацца, каб гэта знайшло выйсьце, — я лічу, што ёсьць сэнс рабіць менавіта так. А хто цябе можа прымусіць, калі ты сам творца?! Таму, напэўна, лепш рабіць пакуль усё самім”.

(Заміроўская: ) “На маю думку, у гэтым годзе ў маладых выключна музыкаў зьявілася такая вітальнасьць, якой раней не было. Было нават больш модна хадзіць і скардзіцца, што вось тут не атрымліваецца, што тут вось прадусар загадвае рабіць так, што спонсараў няма, што няма дзе выступаць, што запісалі песьню, прыйшлі на радыё, а там кажуць “Не фармат”. Цяпер — усё фармат. На радыё, наколькі я ведаю, 50% усёй музыкі, якая там гучыць, усё ж такі павінна быць беларуская, і таму яны, я лічу, толькі радыя, калі ім нясуць штосьці больш-менш добра запісанае, што можа прагучаць у эфіры”.

(Падбярэскі: ) “У сувязі з гэтым пытаньне такое. Адным з фактаў, якія ў выніку прадыктавалі нараджэньне тэндэнцыі, зрабіўся, на мой погляд, славуты загад Мінінфармацыі адносна рэглямэнтацыі прысутнасьці беларускай музыкі ў радыёэфіры. Я не кажу пра 50%: няма 50 працэнтаў! Наколькі, на вашую думку, больш частае зьяўленьне айчынных выканаўцаў у эфіры паўплывала на наведваньне канцэртаў?”

(Памідораў: ) “Канцэртаў якіх беларускіх выканаўцаў?”

(Падбярэскі: ) “Ня будзем браць папулярныя жанры. Будзем браць нешта больш блізкае да рок-жанру, да фолк-жанру…”

(Памідораў: ) “Значыць, да незалежных жанраў… Я ня думаю, што гэта неяк паўплывала. Як заўсёды, людзі прыходзілі на “Тройцу”, гэтак яны і будуць прыходзіць на “Тройцу”. Як заўсёды людзі прыходзілі на канцэрты Дарафеевай ці Саладухі, таму што ў прафкаме ёсьць білеты, так яны і будуць прыходзіць”.

(Падбярэскі: ) “Але быў шэраг канцэртаў, на якія ня ўсе змаглі патрапіць, бо ўсе квіткі разышліся!”

(Памідораў: ) “Было. Можа быць, два ці тры. Адзін з апошніх канцэртаў, які мяне вельмі ўсьцешыў, быў канцэрт Уладзімера Пятровіча Ўгольніка. Гэта было проста супэр! А для мяне асабіста — і вельмі нечакана. І вось дзе, дзе вы чуеце п’есы Ўгольніка ў радыё?”

(Падбярэскі: ) “На Радыё Свабода, прабачце!”

(Памідораў: ) “Радыё Свабода. А калі мы размаўляем пра FM-прастору? Вельмі хітра зроблена! Па-першае, пад шэрагі беларускіх выканаўцаў падведзеныя і Барыс Маісееў, і Аляксандар Буйноў, які выконвае песьні на вершы беларускіх аўтараў, Юрыя Цыбіна ў прыватнасьці, і Ала Барысаўна Пугачова, якую таксама спрабуюць залічыць да беларускіх выканаўцаў, Карнялюк зь Берасьця, Антонаў з Маладэчна, Сьвірыдава зь Менску, Дыяна Арбеніна таксама там неяк зь Беларусьсю зьвязаная…”

(Падбярэскі: ) “Карацей, беларускія выканаўцы запаланілі расейскі эфір!..”

(Памідораў: ) “А самі беларускія аўтары — як? “Крыві”, тая ж “Тройца”, “Крамбамбуля”…”

(Падбярэскі: ) “Той жа Памідораў…”

(Памідораў: ) “Той жа Памідораў. Усё гэта гучыць пасьля ўсіх прайм-таймаў, пачынаючы ад 10 гадзіны вечара і ўночы. Вось і ўсё!”

(Заміроўская: ) “Наколькі я ведаю, таксама расейскамоўную музыку пішуць проста як беларускую — і гэтак усё і ідзе ў эфір. Я так лічу, што менавіта радыёэфір можа ўплываць, мабыць, на продаж альбомаў, а на наведваньне канцэртаў — наўрад ці”.

(Памідораў: ) “Ёсьць імёны, на якія ходзяць. Ёсьць імёны, якія толькі ўздымаюцца. А ёсьць імёны, якія штучна спрабуюць раскруціць: кожны, кожны божы дзень па тэлевізіі, радыё круцяцца гэтыя песьні, якія слухаць проста немагчыма. Гэта тое, што называецца “фармат”. Хоць ніхто ня можа дагэтуль высьветліць, што гэта значыць — фармат? У нас няма дакладна сфарматаваных станцыяў ніводнай! І пад гэтыя стандарты падганяюцца цяпер тымі людзьмі, якія называюць сябе прадусарамі — нарадзілася тут, знаеце, такіх хлопчыкаў і дзевачак 18–19–20-гадовых, якія ані ў музыцы, ані ў чым не разьбіраюцца, але разумеюць, як толькі скрасьці яшчэ грошай у спонсараў. Гэта называецца прадусынг, гэта называецца “зробім фармат”, запішам на кампутары ў хаце “ўсё будзе ля-ля-ля” пад Дыяну Арбеніну, і яшчэ скрыпачку падкладзем, і будзе супэр! І вось так атрымліваецца такая група “Харлі”!”

(Падбярэскі: ) “А ці цягне на якую тэндэнцыю, на вашую думку, той факт, што цяпер мы маем па сутнасьці тры ансамблі, якія ў той ці іншай меры зьяўляюцца спадкаемцамі творчасьці “Песьняроў”?”

(Памідораў: ) “На маю думку, гэта проста недарэчныя і неэтычныя скокі на могілках… Гэтае амёбнае існаваньне ў сэнсе ня толькі творчасьці, але і ў сэнсе падзелу на тры склады. Гэта ўжо, здаецца, тэндэнцыя, калі людзі ўжо так прызвычаіліся: ах, вось так, вось мы кінем усё і пойдзем такія непрынятыя, і што — будзем спаць на падлозе там у нейкім консульстве ў Маскве? Аснова, базавы рэпэртуар у іх застаўся той самы, зь сярэдзіны 1970-х. І што: ансамбль, дзе сьпявае Дайнэка, ансамбль, дзе сьпявае Барткевіч — ну, іх хаця б ведаюць, гэта хаця б асобы! А што гэта за трэці ансамбль? Хто ў ім сьпявае — Скаражонак? І яны будуць выконваць гэтыя ж і “Касіў Ясь канюшыну”, і “Ручнікі”, і яшчэ “Крык птушкі”?! Гэта немагчыма, гэта ўжо проста нагадвае “Ласковый май-раз”, “Ласковый май-два”, тры…

(Падбярэскі: ) “Тут касьба ўжо не канюшыны, а касьба…”

(Памідораў: ) “Не зразумела чаго тут касьба атрымліваецца! Значна прасьцей было б кінуць гэты раздрай і проста можа быць сабрацца неяк, ну хаця б аднаго разу, напрыклад, памяці таго ж Мулявіна, там на гадавіну сабрацца ўсім. Ну, хаця б зрабіце вы выгляд, дарослыя ж людзі! Музычны твар краіны! Не, мы лепш — кожны ў сваім дворыку. Гэта мэнтальнасьць такая беларуская…”

(Падбярэскі: ) “Працяг гутаркі слухайце ў наступным выданьні праграмы “Па-за тактам”.

перадача другая
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG