Крымiнальная справа супраць рэдактара газэты "Вечерний Столин" Аляксандра Iгнацюка была распачатая яшчэ мiнулым летам. Дарэчы, на той час, паводле прапановы столiнскiх уладаў, цяпер ужо былы мiнiстар iнфармацыi Мiхаiл Падгайны прыпынiў на тры месяцы выхад незалежнай газэты.
Iнiцыятарам распачатай крымiнальнай справы быў старшыня Столiнскага райвыканкаму Ўладзiмер Пашкевiч, якому не спадабалiся крытычныя матэрыялы газэты напярэдаднi выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Спадар Пашкевiч зьвярнуўся ў пракуратуру, якая вынесла абвiнавачаньне рэдактару "Вечернего Столина" Аляксандру Iгнацюку на падставе 369-га артыкулу Крымiнальнага кодэксу ("зьнявага прадстаўнiка ўлады"). Некалькi разоў справу прыпынялi, i за гэты час Уладзiмер Пашкевiч пазбавiўся пасады кiраўнiка мясцовай вэртыкалi i пераехаў у Менск.
Тым ня менш, крымiнальная справа ўсё ж дайшла да суду, якi прызнаў Аляксандра Iгнацюка вiнаватым. Паводле судовага рашэньня, у сваiх артыкулах рэдактар выкарыстоўваў зьневажальныя i брудныя выразы, каб дыскрэдытаваць дзейнасьць Уладзiмера Пашкевiча на пасадзе старшынi райвыканкаму.
Суд абавязаў Аляксандра Iгнацюка сплацiць былому кiраўнiку раённай вэртыкалi 30 базавых вялiчынь (гэта 495 тысячаў рублёў) за "наўмысную зьнявагу". За два апошнiх гады гэта ўжо чацьверты судовы вырак на карысьць чыноўнiкаў Столiнскага райвыканкаму, якiя патрабавалi пакараньня незалежнай газэты "Вечерний Столин" за крытыку на старонках гэтага выданьня.