Пад Новы год – як і належыць – дзеці атрымліваюць цукеркі. Але ў дадатак яшчэ кніжкі й цацкі. Акрамя таго, музыкі сьпяваюць для малых, дзеці дэклямуюць гасьцям вершы, а ў карагодах вакол елкі яны танчаць разам. Такім чынам, атрымліваецца сьвяточная танцавальна-музычная імпрэза. Так было ў Менскім прытулку для дзяцей-сіротаў, у Жодзіне, наступным стануць Баранавічы. А ініцыятарамі гэтай дабрачыннай акцыі ёсьць самі музыкі. У прыватнасьці, лідэр гурта “Нэйра-дзюбель” Аляксандар Кулінковіч арганізаваў дабрачынны канцэрт супольна зь сябрамі-музыкамі й клюбам “Н-ФІ”, які дарэчы, канцэртную залю для гэтага прэзэнтаваў бясплатна. Я, натуральна, не магла не запытацца ў арганізатараў, дзеля чаго яны гэта робяць. І вось што мне адказаў спадар Кулінковіч:
(Кулінковіч: ) “У мяне сын расьце. У мяне з бацькамі расьце, а хтосьці бязь іх. Гэта жахліва, як гэтыя дзеткі жывуць. Яны, канечне ж, шчасьлівыя. Такая радасьць, адкрытыя вочы – гэта не перадаць словамі, для гэтага варта жыць. Калі мы развозілі падарункі ў дзіцячы прытулак у Менску, у Жодзіна – мне 32 гады й я сябе чалавекам адчуў – упершыню за 32 гады”.
Паводле Аляксандра Кулінковіча, гэткі ж настрой пануе й сярод астатніх удзельнікаў акцыі. Яны зьбіраюцца праводзіць падобныя імпрэзы й надалей. Бо на гэтую ініцыятыву ўжо адгукнуліся многія людзі: па-першае, самі музыкі – адразу некалькі айчынных рок-гуртоў прапанавалі свой удзел у наступных дабрачынных канцэртах. Па-другое, некаторыя бізнэсоўцы, якія прапаноўваюць транспартныя й іншыя паслугі. А-па-трэцяе – звычайныя людзі, якія нейкім чынам праведалі пра Каляды для дзяцей-сіротаў, тэлефануюць і прапаноўваюць кніжкі ды цацкі. Спадар Кулінковіч кажа, што гэткім чынам у яго дома ўжо стаіць цэлы мех гэтых цацак. Ён кажа, што хоча заахвоціць таксама мастакоў праводзіць дабрачынныя выставы-продажы, каб акцыя “Цукеркі дзецям” сталася такім беларускім брэндам. Гэта, натуральна, яшчэ толькі пляны на будучыню. Але дакладна вядома, што ўжо ў студзені музыкі плянуюць арганізаваць новы дабрачынны рок-канцэрт.