Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 29 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звязда”, 1983 год:

“З добрым настроем прыйшлі на перадвыбарны сход рабочыя, інжынэрна-тэхнічныя работнікі і служачыя Менскага двойчы ордэна Леніна і ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі аўтамабільнага завода… На трыбуне — сакратар партарганізацыі прадпрыемства М.А.Стральцоў. Ён сказаў: “Для таго, каб атрымаць мандат дэпутата Савета, у нас у краіне трэба сумленна працаваць, быць бязьмежна адданым вялікай справе камунізму. Павага людзей адчыняе дзьверы ў органы Савецкай улады. Іменна ў гэтым глыбокая дэмакратычнасьць нашай выбарнай сыстэмы… Я прапаную вылучыць кандыдатам у дэпутаты Савета Нацыянальнасьцяў Вярхоўнага Савета СССР па нашай Менскай Заводзкай выбарчай акрузе №65 вернага ленінца, Генэральнага сакратара ЦК КПСС, Старшыню Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Юрыя Ўладзімеравіча Андропава”.

“Культура”, 1993 год. Віталь Тарас у артыкуле “Парлямэнцкі тост”:

“Шумнае шматлюднае шоў на тэму “барацьба з карупцыяй”, якое трансьлявалася ў апошнія тыдні зь Вярхоўнага Савету, па закручанасьці сюжэту і напалу страсьцей, відаць, далёка абставіла па сваім рэйтынгу “Проста Марыю” ці “Твін Пікс”… Што там Канстытуцыя, што там сувэрэнітэт дзяржавы, што там эканамічны крызыс! Ніводнае з гэтых самых вострых і надзённых пытаньняў не зьбірала на сэсіі такога кворуму… Частка дэпутатаў спаборнічала ў абразах і выкрываньнях адзін аднаго, другая — спрабавала апраўдвацца. А многія дэпутаты зь цікавасьцю сачылі за гэтай малапрыстойнай дзеяй, падлічваючы магчымыя палітычныя дывідэнды”.

“Свабода”, 1993 год:

“9 сьнежня ў музэі Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі магло быць сьвята — першыя ўгодкі з дня адкрыцьця музэю. Але сьвята не адбылося. Чаму? Вінаваты суровы расейскі клімат. Пры 20-ці градусах марозу батарэі ў будынку трэснулі па швох… Можа, сапраўды, вінаватыя маразы?.. Падобна на тое, што дырэкцыя запаведніка ў свой час пагадзілася на стварэньне музэю Багдановіча толькі дзеля таго, каб прыбраць да рук і выкарыстаць у сваіх мэтах сам гэты будынак, які разьмешчаны ў цэнтры гораду. Нашыя сябры з Яраслаўля паведамляюць, што музэй Багдановіча быў для мясцовых чыноўнікаў тым нежаданым дзіцем, якое наўмысна купаюць у халоднай вадзе — “авось помрёт”…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG