Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

28 сьнежня 1862 году ў Беларусі адкрылася першая чыгунка. Яна зьвязала Горадню з Парэччам і была часткаю Пецярбурска-Варшаўскай дарогі.

Учора споўнілася 95 гадоў з дня заснаваньня ў Вільні кнігавыдавецкага таварыства “Наша Хата”. За тры гады свайго існаваньня выдавецтва выпусьціла 7 кніжак агульным накладам 17 тысяч асобнікаў, у тым ліку: “Другое чытаньне для дзяцей беларусаў” Якуба Коласа, паэму “Тарас на Парнасе”, кнігу Ядвігіна Ш. “Дзед завала”. Таварыства спыніла дзейнасьць з-за браку грошай.

Біяграфічныя даты 28 сьнежня – гэта пераважна даты сыходу знакамітых людзей. Гэтак у 1923-м годзе памёр францускі інжынэр, які збудаваў Эйфэлеву вежу, названую ягоным імем; у 1925-м разьвітаўся з жыцьцём расейскі паэт Сяргей Ясенін; у 1937-м ня стала Марыса Равэля, францускага кампазытара, у 1945-м – амэрыканскага пісьменьніка Тэадора Драйзэра, у 1984-м – беларускага празаіка і мовазнаўцы Міколы Лобана, які пісаў вялікія кнігі, у якіх прасочваўся лёс некалькіх пакаленьняў адной сям’і. А яшчэ ўсім беларусам са школы вядомы “Артаграфічны слоўнік“, які Лобан склаў разам з калегам Суднікам.

Цяпер – пра каляндарныя даты дня сёньняшняга.

29 сьнежня 1842 году нарадзіўся беларускі лекар і вучоны Восіп Лунц. Доктар мэдыцыны Лунц зрабіў шмат у справе барацьбы з сухотамі ў Беларусі.

Сёньня спаўняецца 140 гадоў ад нараджэньня Міхала Дзявочкі, беларускага спартоўца-раварыста. Ён служыў на Лібава-Роменскай чыгунцы і ў вольную хвіліну ўдзельнічаў ў спаборніцтвах. Дзявочка стаў пераможцам гонак Масква – Ніжні Ноўгарад, Пецярбург – Масква. У 1894-м здабыў тытул чэмпіёна Расеі, а ў 1896 годзе стаў чэмпіёнам Англіі ў гонках на трэку.

29 сьнежня 1884 году памёр слынны беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, клясык нацыянальнае літаратуры. А 29 сьнежня 1896 году нарадзіўся мэксыканскі мастак і грамадзкі дзяяч Хасэ Давыд Альфара Сікейрас. Ён быў актыўным удзельнікам мэксыканскай рэвалюцыі, арганізатарам няўдалага замаху на Льва Троцкага, стаў стваральнікам мэксыканскай школы манумэнтальнага жывапісу.

29 сьнежня 1986 году памёр расейскі кінарэжысэр Андрэй Таркоўскі, які зьняў знакамітыя фільмы “Андрэй Рублёў“, “Салярыс“, “Сталкер“, “Настальгія“, “Ахвяра“ ды іншыя. Пахаваны Таркоўскі на расейскім могільніку пад Парыжам.

29 сьнежня ў 1989 годзе Вацлаў Гавэл стаў першым некамуністычным прэзыдэнтам пасьляваеннай Чэхаславаччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG