Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД 1 СТУДЗЕНЯ БЕЛАРУСЫ НЯ ЗМОГУЦЬ ТРАПІЦЬ НА КІПАР БЯЗЬ ВІЗЫ


Юры Сьвірко, Менск

Сярод дзесяці краінаў, якія ў будучым годзе далучаюцца да Эўразьвязу, Кіпар усталяваў зь Беларусьсю візавы рэжым апошнім. Першымі гэта зрабілі краіны Балтыі, перадапошняй — суседняя Польшча. І вось настала чарга Кіпру, куды штогод накіроўваецца каля 10 тысяч грамадзянаў Беларусі. Цяпер па візу трэба будзе зьвяртацца ў кіпрыйскую амбасаду ў Маскве на вуліцы Вялікай Нікіцкай, 51, дзе мне паведамілі наступнае:

(Супрацоўніца: ) “Ад 1 студзеня ўводзіцца візавы рэжым. Да гэтай даты захоўваецца свабодны ўезд, а потым трэба будзе візы — наш консульскі аддзел будзе прымаць дакумэнты ад грамадзянаў Расеі ды іншых краінаў штодня з 11-й гадзіны да 15-й”.

Супрацоўніца кіпрыйскай амбасады ў Маскве паведаміла таксама, што чэргі там пакуль невялікія. Мажліва, што пасьля ўваходжаньня ў Эўрапейскі Зьвяз і з пачаткам турыстычнага сэзону ўлады Кіпру нешта прыдумаюць, каб спрасьціць працэдуру атрыманьня візаў для грамадзян Беларусі. Мова ідзе пра мажлівага ганаровага консула Кіпру ў Менску. Беларускае турагенцтва “Алатан-тур” мяркуе, што колькасьць беларускіх турыстаў на Кіпры зьменшыцца напалову.

Працуе над гэтай праблемай і консульская ўправа беларускага МЗС. Адзін зь яе супрацоўнікаў распавёў:

(Супрацоўнік: ) “У панядзелак плянуецца сустрэча з прадстаўніком МЗС Кіпру. Можа, там будзе нейкая больш актуальная інфармацыя. Пытаньне ў тым, дзе можна будзе атрымліваць візы”.

Пасьля ўвядзеньня візавага рэжыму з Кіпрам грамадзяне Беларусі могуць бязь візы паехаць у заходнім напрамку толькі ў Сэрбію ды Чарнагорыю, а таксама, калі глядзець далей, на Кубу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG