У каталікоў і пратэстантаў, якія ўжо сустрэлі Каляды, пост скончыўся, і яны цяпер могуць есьць і піць на Новы год усё што захочуць. А вось у праваслаўных перадкалядны пост працягнецца да 7 студзеня. Ці захоўваюць праваслаўныя беларусы перакалядны пост, і як яны будуць спалучаць яго са сьвяткаваньнем Новага году? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да мінакоў на менскіх вуліцах.
(Спадар: ) “Я лічу гэта няслушным, калі сустракаць Новы год падчас посту. І гэта ўсё з ужываньнем сьпіртовых напояў. Наогул павінна раней гэта быць. Я больш прытрымліваюся эўрапейскай традыцыі, таму што там усё па-людзку, а не празь пень-калоду”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці трымаеце вы перадкалядны пост?”
(Спадарыня: ) “Не, не трымаю, так у нас павялося ад самага пачатку ў сям’і, але мы сьвяткуем Каляды”.
(Спадарыня: ) “Пост мы захоўваем, Каляды таксама сьвяткуем з бацькамі, і Новы год таксама”.
(Спадарыня: ) “Патрэбна, канечне, праваслаўнаму захоўваць пост у Новы год. Прыкладам, у мяне бабуля амаль няверуючая, дык, каб ня крыўдзіць яе, лепш ужо зьесьці пірог, чым пасьціцца й рабіць выгляд, што ты такі праведны, лепш ужо зьесьці нешта няпоснае. Я захоўваю пост першы й апошні тыдзень, а таксама сераду й пятніцу”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці захоўваеце вы перадкалядны пост?”
(Спадарыня: ) “Не, але сёньня вось на дыеце сядзім. Учора адзначалі сям’ёй, цяпер да Новага году рыхтуемся”.
(Спадарыня: ) “Не, не трымаем. Няма ў сям’і такіх вернікаў”.
(Карэспандэнтка: ) “А ёсьць у вас знаёмыя, якія трымаюць пост?”
(Спадарыня: ) “Не, няма”.
(Спадарыня: ) “У нас праваслаўная сям’я, апроч бацькі, і можам правесьці посны Новы год”.
(Карэспандэнтка: ) “І якія стравы ў вас на стале будуць?”
(Спадарыня: ) “Шмат можна чаго зрабіць, нават і пірог. З рыбы шмат можна прыгатаваць”.
(Спадар: ) “Хрыстос адзіны, я лічу, што трэба аб’яднаць Каляды. Мы верым у Бога, і чаму нас разьядналі — незразумела”.
(Спадарыня: ) “Посту не захоўваем, бо праца, утрыманьне жыцьцёвай энэргіі. Хочацца паесьці”.
(Спадарыня: ) “У пятніцы абавязкова трымаю пост”.
(Спадарыня: ) “Усё ж Новы год, хочацца павесяліцца і смачна паесьці”.
(Спадар: ) “Не, не захоўваю, не атрымліваецца”.
(Спадар: ) “Гэтую традыцыю я атрымаў у спадчыну ад сваіх бацькоў і лічу, што гэтая традыцыя добрая й патрэбная з прычыны і фізычнага й душэўнага здароўя”.
(Спадарыня: ) “Посту не захоўваю. Ужо вера ў мяне выйшла…”
(Спадар: ) “Не, таму што я хворы, мне нельга”.
(Спадар: ) “Было бы што есьці, посту ня трэба. А як жа жыць, калі трэба працаваць, а значыць, трэба й есьці. Выпіў чарку, зьеў шкварку — і працуй”.
Гэтак адказалі мае суразмоўцы праваслаўнага веравызнаньня на пытаньне, ці захоўваюць яны перадкалядны пост.