Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

26 сьнежня 1926 году выйшаў на экраны першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль”. Зьняў яго кінарэжысэр Юры Тарыч паводле аповесьці Міхася Чарота “Сьвінапас”. Цікава, што рабіліся першыя беларускія фільмы ў Расеі, у тагачасным Ленінградзе – па-беларуску. Калі ж кінастудыя перабралася ў Беларусь, у Менск, фільмы пачалі здымаць і цяпер здымаюць па-расейску.

26 сьнежня 1937 году ў Менску НКВД расстрэльвае двух дзеячоў беларускага адраджэньня: актора Антона Ждановіча, які з 1917 году граў у вандроўных тэатральных трупах, а пасьля ў Белдзяржтэатры-1 пад псэўданімам Антук Крыніца, і этнографа і мовазнаўцу Мікалая Касьпяровіча, які быў адным з галоўных завадатараў краязнаўчага руху ў БССР 20-х гадоў.

Сёньня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэньня кампазытара, народнага артыста Беларусі Яўгена Цікоцкага – заснавальніка жанраў опэры і сымфоніі ў беларускай савецкай музыцы. Таксама 110 гадоў сёньня кітайскаму камуністычнаму кіраўніку Мао Цзэдуну.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

27 сьнежня ў розныя гады пакінулі гэты сьвет беларускі кампазытар нямецкага паходжаньня Ян Голанд, які пісаў опэры ў Нясьвіжы пад апекаю Радзівілаў, а пасьля працаваў выкладчыкам у Віленскім унівэрсытэце; беларускі паўстанец Зыгмунд Мінейка, які падчас паўстаньня Каліноўскага быў вайсковым кіраўніком у Ашмянскім павеце, а пасьля ўдзельнічаў у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт і стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі; беларускі мовазнавец Антон Антановіч, які сваю навуковую кар’еру прысьвяціў вывучэньню Кітабаў – сярэднявечных мусульманскіх кніг, напісаных па-беларуску арабскімі літарамі.

27 сьнежня 1932 году ў СССР уводзіцца пашпартная сыстэма і абавязковая прапіска па месцы жыхарства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году пашпарты ў Савецкім Саюзе былі адмененыя як адна з праяваў царскай адсталасьці і дэспатызму. Але эўфарыя ўсеагульнага камуністычнага шчасьця і свабоды хутка скончылася. Цяпер парушэньне ўжо савецкага пашпартнага парадку цягнула за сабою крымінальную адказнасьць.

Заўтра споўніцца 45 гадоў, як у Менску адкрылася Выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі. Меркавалася, што ў гэтым шкляным павільёне на беразе Сьвіслачы будуць экспанавацца дасягненьні камандава-адміністрацыйнай савецкай эканомікі.

27 сьнежня ў розныя гады нарадзіліся амэрыканская артыстка і сьпявачка нямецкага паходжаньня Марлен Дытрых, беларускі паэт Анатоль Вялюгін, якому сёньня спаўняецца 80 гадоў і вядомы францускі кінаактор Жэрар Дзепардзьё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG