Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДЗНАЧЫЛІ 205-Я ЎГОДКІ АДАМА МІЦКЕВІЧА


Галіна Абакунчык, Менск

Каля помніка Адаму Міцкевічу сёньня панаваў цалкам калядны настрой: хор хлопчыкаў “Сымонкі” зь менскага Чырвонага касьцёлу выконваў сьвяточныя песьні, а ксёндз Уладзіслаў Завальнюк дзяліў з амбасадарамі й усімі прысутнымі асьвечаныя аплаткі. Падчас урачыстай прамовы, пасьля асьвячэньня помніка, спадар Завальнюк падкрэсьліў, што супадзеньне ўгодкаў Адама Міцкевіча і сьвята Божага Нараджэньня — сымбалічнае. Гаворыць Уладзіслаў Завальнюк:

(Завальнюк: ) “Гэтая падзея ня толькі сымбалічная, але й духоўна жывая. Бо ня знойдзеце ніводнага нават маленькага чалавечка ў Беларусі, каб ня ведалі: спытайцеся ў садку ці школе, хто такі Адам Міцкевіч, і вам скажуць, што гэта наш вялікі паэт. І тым больш, як ён ішоў праз усё сваё жыцьцё з Богам, то гэта гаворыць пра вялікі дух гэтай асобы. І сваімі пакутамі мы бачым, чым і як ён выслугоўваў для Беларусі тое, што мы маем сёньня, але не заўсёды ўмеем гэта ацаніць і шанаваць”.

Прамова Ўладзіслава Завальнюка каля помніка Адаму Міцкевіча была адзіняй, якая прагучала на роднай мове паэта: арганізатары прамаўлялі па-польску, а расейскамоўныя прадстаўнікі афіцыйных уладаў Беларусі ўдзелу ў імпрэзе ня бралі. Але ўшанаваць памяць свайго слыннага земляка прыйшлі многія вядомыя ў краіне навукоўцы, літаратары й палітыкі. Сярод іх была й вядомая грамадзкая дзеячка Мая Кляшторная. Пазыцыю афіцыйных уладаў спадарыня Кляшторная пракамэнтавала наступным чынам:

(Кляшторная: ) “Нашыя ўлады, што датычыць нацыянальнага — яны ня ведаюць, як сябе паводзіць. Таму мы й бачым, што там, дзе трэба радавацца абуджэньню беларускасьці, іх няма, бо ім загаду не было. А самі па сабе — гэта аморфныя масы, нашыя ўлады”.

Іншых афіцыйных імпрэзаў да ўгодкаў Адама Міцкевіча ў Беларусі не праводзілася.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG