Судзьдзя Яхнавец прызнала беспадстаўнымі прэтэнзіі актывістаў “Асамблеі” да Мінюсту, які больш за паўтара году не разглядаў дакумэнтаў гэтай асацыяцыі, а пасьля адмовіў ёй у рэгістрацыі. На яе думку, гэтыя акалічнасьці не былі істотнымі. Сьвятлана Яхнавец палічыла аргумэнтаванымі тлумачэньні чыноўніцы Мінюсту Натальлі Кебікавай, якая заявіла, што на момант разгляду дакумэнтаў “Асамблеі” ў асацыяцыі не было падцьверджанага юрыдычнага адрасу. А таксама, што шэраг арганізацыяў-заснавальнікаў “Асамблеі” на той момант былі ліквідаванаыя, або іх ліквідацыйныя справы разглядаліся ў судах.
Такім чынам, судзьдзя не задаволіла скаргі “Асамблеі”, хаця й накіравала на адрас Мінюсту прыватнае вызначэньне, у якім указвае міністру Галаванаву на парушэньне некаторых нормаў заканадаўства ягонымі падначаленымі. Цікава, што падчас разгляду справы судзьдзя Яхнавец дэманстратыўна абуралася дзеяньнямі мінюстаўскіх чыноўнікаў і нават назвала адмову ў рэгістрацыі “Асамблеі” бязглузьдзіцай.
Старшыня рабочай групы “Асамблеі” Алесь Бяляцкі так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:
(Бяляцкі: ) “Нічога дзіўнага ня здарылася. Суд не задаволіў нашай скаргі, падтрымаўшы Міністэрства юстыцыі ў адмове рэгістрацыі гэтай асамблеі. І мне здаецца, гэтая супярэчнасьць, яна сапраўды відавочная, паміж рэакцыяй суда падчас працэсу і самім выракам, паказвае, што, на жаль, на сёньняшні дзень нават Вярхоўны суд ня мае магчымасьці прымаць незалежныя, самастойныя рашэньні”.
Старшыня рабочай групы “Асамблеі” лічыць, што адмова ў рэгістрацыі не перашкодзіць далейшай супольнай дзейнасьці арганізацыяў, што ўваходзяць у гэтую асацыяцыю.