Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАНДАТ ОФІСУ АБСЭ Ў МЕНСКУ ПАДОЎЖАНЫ ДА КАНЦА 2004 ГОДУ


Уладзімер Глод, Менск

Міністэрства замежных справаў Беларусі праз свайго прэсавага сакратара Андрэй Савіных пацьвердзіла, што ніводная з нацыянальных дэлегацыяў краінаў-сябраў АБСЭ не затрабавала спыненьня дзейнасьці офісу ў Менску. Такім чынам, рашэньне Сталай рады АБСЭ, прынятае на паседжаньні 18 сьнежня, афіцыйна набыло сілу. Дарэчы, гэты шлях вырашэньня праблемы быў прапанаваны беларускай дэлегацыяй і падтрыманы старшынём Сталай рады АБСЭ — прадстаўніком Нідэрляндаў.

Паводле амабасадара Гайкена, у наступным годзе офіс будзе працаваць “той жа камандай, у тым жа складзе”. Адзін з кіраўнікоў перадвыбарчай кааліцыі “Пяцёрка+” Вінцук Вячорка даволі стрымана паставіўся да зьвесткі пра тое, што дзейнасьць офісу АБСЭ працягнутая:

(Вячорка: ) “Гэта азначае, што статус офісу і той аб’ём дзейнасьці, які ён праводзіць, у прынцыпе, задавальняе цяперашнія беларускія ўлады. Тая мэта, якую ставіла беларускае кіраўніцтва, калі вырашалася пытаньне зь місіяй АБСЭ, фактычна дасягнутая. Паколькі паўнамоцтвы офісу даволі моцна звужаныя, то відавочна, што магчымасьцяў будзе меней, чым іх было ў офісу АБСЭ”.

Сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Іван Пашкевіч лічыць, што беларускія ўлады вымушаныя цярпець прысутнасьць офісу АБСЭ:

(Пашкевіч: ) “АБСЭ, канечне, зацікаўленае, каб офіс працягнуў сваю працу, таму што ў наступным годзе пройдзе найбуйнейшая палітычная кампанія — парлямэнцкія выбары. Назіраньне, магчымыя кансультацыі як прадстаўнікам дзяржавы, так і прадстаўнікам дэмакратычных колаў — такую мэту будзе ставіць перад сабой офіс. Беларускім уладам недаспадобы, што офіс знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, але ж дамоўленасьці трэба выконваць”.

Дарэчы, з 1 студзеня 2004 году дзейнае старшынёўства ў АБСЭ пераходзіць да Баўгарыі.

Нагадаем гісторыю існаваньня ў Менску місіі АБСЭ. Занепакоеная разьвіцьцём падзеяў у Беларусі пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 г., сталая рада АБСЭ ў верасьні 1997 г. зацьвярджае мандат Кансультатыўна-назіральнай групы для Беларусі. Яна мусіла “кансультаваць” урад у пытаньнях пабудовы дэмакратычных інстытутаў і назіраць, каб Беларусь выконвала міжнародныя абавязацельствы.

Місія АБСЭ ў Менску была адчыненая ў красавіку ў 1998 годзе, яе ўзначаліў нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік. У сярэдзіне 1999 году КНГ АБСЭ вылучае ідэю выхаду з канстытуцыйнага крызысу шляхам перамоваў, пачаліся палітычныя кансультацыі паміж лідэрамі апазыцыі і сябрамі няўрадавых арганізацый. Аднак перамовы з уладамі хутка скончыліся, фактычна не пачаўшыся. Аляксандар Лукашэнка вінаваціць місію АБСЭ ў падтрымцы апазыцыі і перад прэзыдэнцкімі выбарамі абяцае выслаць сп. Віка зь Беларусі.

Беларускія ўлады проста не працягваюць супрацоўнікам місіі беларускія візы, і тыя паступова вымушаныя пакінуць краіну, а місія фактычна перастае дзейнічаць. Нарэшце ў самым канцы мінулага 2002 году была дасягнута дамова паміж АБСЭ і афіцыйным Менскам пра фармат прысутнасьці новай місіі ў Беларусі. АБСЭ пагадзілася з патрабаваньнямі Беларусі, пайшоўшы на зьмену мандата і назвы місіі. Цяпер яна называецца “офіс АБСЭ ў Менску”, а ягоныя супрацоўнікі ня маюць поўнага дыпляматычнага статусу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG