Весела была, як бацьку хавалі:
Музыка грала, цукеркі давалі,
Доўгія ногі ў труну не ўлязалі,
Вось рагаталі, як іх абразалі.
Гэты вершык некаму падасца верхам цынізму, камусьці — небясьпечнай алюзіяй, а некаму — узорам гарадзкога фальклёру, вартым этналягічнага дасьледаваньня.
Гарадзкі фальклёр, які называюць яшчэ постфальклёрам — гэта анэкдоты, легенды, страшныя аповеды, дэмбэльскія й дзявочыя альбомы, дзіцячыя чорныя вершыкі, турэмная лірыка, прастанародная літаратура. Гэтая вусная народная творчасьць адлюстроўвае мэнтальнасьць, характаралягічныя асаблівасьці, лад жыцьця, працоўныя дасягненьні й будзённасьць розных гарадзкіх слаёў — жыхароў сталіцы і ўскраінаў, вярхоў ды нізоў, пасіянарыяў і абываталяў, хворых ды здаровых. Гэта зьмест рукапісных альбомаў і дзёньнікаў, турэмныя вырабы (шахматы, шашкі, хусьцінкі, абразы), графіці й татуіроўкі зь іхнаю сымболікай, упрыгожаньні й жэстыкуляцыя, рытуалы ды абрады крымінальнікаў, падлеткаў, альпіністаў і байдарачнікаў. Узьнікае нават панятак “Інтэрнэт-фальклёру”. Пост-фальклёр нагадвае торт Напалеон — расслоены ў адпаведнасьці з сацыяльнай, клянавай, узроставай разнастайнасьцю грамадзтва.
Такім чынам, прастора, дзе буяў традыцыйны фальклёр, курчыцца. Узьнікае новая прастора — кватэраў і пляцаў, вуліцаў, двароў. Гаворыць Сяргей Балахонаў, дасьледнік постфальклёру, аўтар цыклю страшылак “Гарадзкія сагі”, што друкаваўся ў “Нашай Ніве” з 1999 па 2002 год:
(Балахонаў: ) “Вакол нас у Беларусі гэтых сагаў колькі хочаш, бяры й хапай”.
(Карэспандэнтка: ) “У чым, па-вашаму, розьніца паміж сялянскім, традыцыйным і гарадзкім постфальклёрам?”
(Балахонаў: ) “Зьвяртаючыся да гарадзкіх сагаў, я імкнуўся знайсьці нейкія паралелі ў беларускай традыцыі. І ў некаторых момантах яны пераклікаюцца ня толькі з традыцыйным фальклёрам але й пісьмовай, летапіснай, старадаўняй традыцыяй”.
(Карэспандэнтка: ) “Якія пачуцьці, страхі й жарсьці людзі акумулююць у гэтых сагах?”
(Балахонаў: ) “Перш за ўсё страх перад тэхнікай. Ён ёсьць і ў эўрапейскім і ў амэрыканскім гарадзкім фальклёры, але ў беларусаў гэта гіпэртрафавана. Ну і традыцыйныя тэмы — чужынцы ў кватэры, здрада жонкі”.
Беларусы — сена на асфальце — лічаць, што сама атмасфэра гораду згубная для чалавека: гарадзкія атруты пранікаюць у цела й душу. Аднак пры тым яны ўцякаюць зь вёсак. Парадаксальна, што ў гарадзкім фальклёры горад паўстае як цэнтар тэхнакратычнай цывілізацыі, плён якое — радыяцыя, смог, эпідэміі, духоўная і фізычная небясьпека ад тэхнікі й машынаў. Мэтро раўняецца з эсхаталягічнай бядою, язычніцкім капішчам, а каналізацыйныя трубы — зь першым ярусам пекла.
Адсюль сагі пра агромністых пацукоў і іншую нечысьць, якая жыве ў мэтро ды каналізацыі, часам вылазіць на паверхню і паядае немаўлят ды п’яных. Адсюль шматлікія сагі пра тое, як прарокі малілі не ладаваць сьвята піва на Нямізе падчас Сьвятое Тройцы ў 1999 годзе, а маладыя грэшнікі не паслухаліся.
Прыклад такое сагі:
“Рамантавалі дыскатэку, дый адкапалі труну. А дыскатэку пабудавалі на месцы могілак. Дык як адкрылі труну, там чалавек быў счарнелы, увесь і рассыпаўся. А ў руках паперка была: “Вы шмат гадоў танцавалі над маёй магілай. Дык хутка патанцуеце над магіламі сваіх дзяцей”. І праўда: усе маладыя ў тым раёне пачалі мерці і ў аварыі патрапляць”.
А вось сага пра шкоду піратэхнікі:
“Нейкі падлетак моцна захапляўся рознага кшталту піратэхнічнымі забаўкамі. Гэтае захапленьне расло з надыходам навагодніх сьвятаў. Аднойчы перад Калядамі ён набыў некалькі вялікіх пэтардаў, паклаў у кішэню штаноў і пабег хваліцца сябрам. Але пасьлізнуўся, упаў і пэтарды выбухнулі. Хлапцу адарвала геніталіі”.
Гэта варыянт каляднае страшылкі са зваротам да мужчынскага кастрацыйнага комплексу. Наступная сага:
“На адным з урокаў завяліся пра Бога. Настаўніца даводзіла, што Ён ёсьць, а вучань — што няма. Спрэчка доўжылася, настаўніца й вучань пачалі крычаць: “А вось ёсьць!” — “А вось няма!” На чарговае “няма” лопнула на стале ваза з кветкамі. Вучань зьмярцьвеў ад спалоху”.
Людзям хочацца, каб Бог быў. Такім чынам пераконвалі атэістаў яшчэ ў 16 cтагодзьдзі Лован і Зізані.
Сага пра д’ябла й пакараную жаночую нявернасьць:
“На вясельле прыйшоў нікому не вядомы госьць. Увесь у чорным, вочы чорныя, вагнём гараць. Пальчатак з рук не здымае. Стаў танцаваць зь нявестай, а тая рада, пра жаніха забылася. А суседзкае немаўля плакала й закрывалася ручкаю, калі госьць праходзіў міма. Урэшце адна бабка здагадалася, пакрапіла госьця сьвянцонай вадой — той зашыпеў ды шусь за дзьверы. А нявеста ўпала й не адкачалі яе”.
Сага пра жорсткасьць дактароў:
“Аднаго мужчыну каханка-доктарка прымусіла атруціць жонку. Прынесла пляшачку атруты з працы. Муж сеў з жонкай абедаць, атруціў ейнае мяса і выйшаў рукі памыць. А жонка памяняла сваю порцыю на ягоную, бо ёй падалося, што муж сабе меней мяса паклаў. Вось так і памёр зламысьнік-муж”.
Страшную сагу расказваюць самі дактары журналістцы Адзе Змачынскай, якая часта бярэ інтэрвію ў менскіх шпіталях. Маўляў, былыя зьняволеныя, сухотнікі, пэцкаюць сваёй сьліною кнопкі ліфта і парэнчы, каб заразіць мноства людзей. Так яны зрываюць зло, назьбіранае за кратамі.
Падобную сагу, але пра СНІД, апавядае 18-гадовы менскі тусоўшчык Ясік:
(Ясік: ) “Група сьніднікаў (чалавек 15) мела такое хобі: пэцкала крывёю лёзы ды іголкі і засоўвалі ў паштовыя скрыні й утыкалі у парэнчы. Людзі захворвалі, а сьніднікам не было чаго губляць, яны іншых цягнулі за сабой у магілу”.
На жаль, у Беларусі зусім няма дасьледаваньняў гарадзкога фальклёру. У той час, як ва ўсіх суседзяў кірунак урбаэтналёгіі, постфальклярыстыкі ды да т.п. паспросту буяюць. Аб прычынах такое сьпячкі разважаюць самыя вядомыя фальклярысты краіны.
Славутая дасьледніца Лілія Салавей кажа, што з-за панаваньня расейшчыны ў беларускіх гарадах няварта гаварыць пра беларускую гарадзкую традыцыю. Пра гэта я гавару зь вядомым фальклярыстам Канстанцінам Кабашнікавым, які займаецца гарадзкім фальклёрам пазамінулага стагодзьдзя.
(Карэспандэнтка: ) “Кажуць, што сучаснага гарадзкога фальклёру ў нас няма, бо няма беларусаў як гарадзкое нацыі. Гэта так?”
(Кабашнікаў: ) “Не. Ёсьць і ў гарадах што вывучаць. Ёсьць фальклёр, які разьвіваўся пад уплывам літаратураў, і беларускай і расейскай. Толькі ніхто гэтым не займаўся. Я таксама займаюся тым, што было раней — на мяжы 19–20 стагодзьдзяў”.
Гаворыць навуковец-урбаніст Захар Шыбека:
(Шыбека: ) “Была адна кніга “Гарадзкая культура Беларусі” — у 1970-я гады. І больш ніхто гэтым не займаецца. Нізкі ровень этнаграфіі як навукі”.
Карацей, поле шырокае, а сеяльнікаў няма.
Гарадзкі фальклёр у масе сваёй дэідэалягізаваны. Героі, нават палітыкі набываюць у ім прыкметы пэрсанажаў. Узгадайма новую скорагаворку: “Ішоў Шушкевіч па шашы, шукаў Лукашэнку”. Або анэкдот пра тое, як прэзыдэнт Беларусі па тэлефоне перабірае бульбу…
У пачатку 19 стагодзьдзя, пасьля канчатковага прысабечваньня нашай краіны Расейскай імпэрыяй фальклярысты з Расейскай акадэміі навук папрыяжджалі сюды вывучаць тутэйшых. Яны заўважалі ў сваіх нататках: “население здесь, как нигде, суеверное, а вот более-менее систематизированный материал отсутствует”.
Сёньняшняя Беларусь дзякуючы незалежнасьці пачала патроху дрэйфаваць убок ад расейскай постфальклёрнай рэчаіснасьці. Ствараецца ўласны кантэкст, на якім — глядзіш, і паўстане нейкі эпас альбо нешта кшталту “Дублінцаў” альбо “Уліса” Джэймса Джойса. Вось толькі фальклярыстыка не пасьпявае вывучаць пострахі й жарсьці сучасных гараджанаў.