Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАЧАЛІ ПРАЦАВАЦЬ ЕЛАЧНЫЯ КІРМАШЫ

Ганна Соусь, Менск

Сёньня першы дзень, як працуе елачны кірмаш. І перабраўшы ялінкі, можна адабраць для сябе прыгожую й пушыстую. Першыя наведнікі кірмашу пераборліва аглядаюць ялінкі.

(Спадарыня: ) ”Трэба, каб яна хвойкай пахла, тады – Новы Год! Каб пушыстая была, і галінкі ня вельмі даўгія, каб моцная такая была…”

(Карэспандэнтка: ) ”А Вы штогод набываеце натуральныя яліны?”

(Спадарыня: ) ”Кожны Новы Год стаіць у нас ялінка аж да самага старога Новага Году”.

Многія пакупнікі дзеляцца парадамі, як зрабіць, каб ялінка як мага даўжэй не асыпалася.

(Спадар: ) ”У ваду, у каструлю з вадой, і далівайце ваду часьцей, тады будзе стаяць, і нават распусьціцца пра два тыдні, пупышкі пойдуць зялёныя”.

Увогуле ж знайсьці сапраўды прыгожую ялінку ня так проста.

(Спадар: ) ”На Трактарным там такія яліны, што плакаць хочацца. А тут нічога, я другі год сюды прыяжджаю. Хачу, каб радавала вока”.

(Карэспандэнтка: ) ”Як Вы лічыце, якая ялінка ўсё ж лепшая, натуральная, як гэтая, ці штучная?”

(Спадар: ) ”Я думаю, што натуральная”.

Гандлярка кажа, што сёлета кошты на яліны даступныя, і кожны можа дазволіць сябе набыць натуральную елку.

(Гандлярка: ) ”Кошты на яліны: да 1 мэтру – 5 500 рублёў, вышэй за мэтар – 9 500 рублёў”.

Зь елачнага кірмашу я накіроўваюся у ГУМ, у аддзел, дзе прадаюцца штучныя яліны. Кошты на іх значна вышэйшыя за натуральныя. Ялінка вышынёй два з паловай мэтры каштуе болей за сто даляраў. Паводле гандлярак, штучныя яліны набываюць у асноўным празь безнаяўны разьлік розныя арганізацыі. Аднак ёсьць пакупнікі й сярод прыватных асобаў.

(Спадарыня: ) ”Зараз такія штучныя яліны, што яны падобныя на натуральныя. І зручна ў кватэры яе мець. Тым больш, елачныя кірмашы маглі б быць лепшымі. Да таго ж можна кожны год набываць і папаўняць сваю хатнюю калекцыю ялінаў”.

Летась менчукі набылі каля 45 тысячаў натуральных ялінак. Плянуецца, што прыкладна столькі ж прададуць і сёлета. Кіраўнік экалягічнага руху “Тэра-канвэнцыя” Валер Дранчук лічыць, што каб беларускія прыродаахоўчыя органы не абмяжоўваліся заклікамі берагчы лес, а выдаткавалі з так званага экалягічнага бюджэту пэўную суму, каб штучныя яліны былі больш таннымі, то ўсё больш людзей аддавалі б перавагу менавіта штучным ялінам.

(Дранчук: ) ”Чалавек, які набыў штучную яліну, забясьпечаны ёй на 10, 15 і нават 20 гадоў. Гэта вельмі важна. На яго паглядзіць сусед, да яго прыйдуць госьці, ацэняць. А ацэняць безумоўна, таму што штучная ялінка, калі яе выбраць з галавой, яна цалкам адпавядае нашым густам. А тое, што яна ня пахне… Калі на тое, то можна з лесу прынесьці некалькі лапак і раскласьці на стале. Асабліва сёньня, калі лясоў становіцца менш, калі яліны высыхаюць у нашых лясах, яны павінны заставацца ў лесе”.
XS
SM
MD
LG