Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СЬВЯТКУЮЦЬ КАЛЯДЫ Ў ІВЯНЦЫ

Севярын Квяткоўскі, мястэчка Івянец, Валожынскі ра

(Карэспандэнт: ) “Ці сьвяткуеце Каляды?"

(Спадарыня: ) “Сьвяткуем. Зьбіраемся вялікай сям'ёй у мамы маёй. Заўжды гэта было. Малыя былі, вялікія вырасьлі зьбіраемся, і з унукамі прыходзім. Каляды – гэта ж нараджэньне Божанькі, традыцыя наша. Мы каталікі самі".

(Студэнт: ) “З шэрагу іншых, гэта адно з асноўных сьвятаў, як для мяне. Для мяне гэта традыцыя. Звычайна прыяжджаю да бацькоў. Адзначаем па ўсіх канонах калядных: з куцьцёй, са стравамі традыцыйнымі".

(Спадарыня: ) “У нас тут большасьць каталікоў у Івянцы. Натуральна, гэта вялікае сьвята. Новы Год – ён усенародны. Там бяз розьніцы хто вы, што вы. Новы Год больш вясёлы, а Каляды больш урачыстыя".

(Спадарыня: ) “Каталікі ўсе сьвяткуюць. І праваслаўныя сьвяткуюць... У госьці ходзяць адзін да аднаго".

(Карэспандэнт: ) “Ці чакаеце Каляды?"

(Сталы спадар: ) “Мае яшчэ ня хутка Каляды – я праваслаўны. У мяне жонка каталічка. У нас два сьвяты: і два Вялікадні, і двое Каляд".

(Хлопец: ) “Можна і двух зайцоў, як кажуць".

(Карэспандэнт: ) “Ці хапае грошай, каб адсьвяткаваць?"

(Пэнсіянэр: ) “Пэнсія мая малая, невялікая. Ну, зьбярэмся з суседзямі, пагаворым, пасядзім. Такія ў нас госьці, па-старыкоўску".

(Спадар: ) “Каляды для мяне ёсьць тым, што заўсёды зьбіраецца ўся сям'я. Зьбіраюцца тры пакаленьні, і чакаюць гэтага, і дзеці і дарослыя".

(Спадарыня: ) “Можа ня гэтак трошачкі, але ўсё-роўна чакаюць гэтага сьвята".

(Спадарыня: ) “Гэта духоўнае сьвята".

(Спадарыня: ) “У нас у Івянцы ўсе больш вернікі".

(Спадарыня: ) “Мы ўсе верым. Дзяды-прадзеды нашыя былі каталікамі, і мы працягваем гэтую традыцыю".

(Спадар: ) “Для мяне Каляды тое, што і ў касьцёле можна падвесьці вынік часткі жыцьця, да споведзі схадзіць і неяк душу аблегчыць сваю".

(Карэспандэнт: ) “Не паўплываў савецкі час, калі перасьледавалі рэлігію?"

(Спадарыня: ) “Мы стараліся таямніча, але адзначалі ўсё-роўна. Стараліся трымацца посту таксама".

(Сталы спадар: ) “Хто ж у хату прыйдзе, ды ня дасьць сьвяткаваць?! Рэлігія ёсьць рэлігія, сьвяткуюем і цяпер".

(Бабуля: ) “Гляджу на гэты касьцёл і плачу. І сама сабе думаю – я ўжо не дачакаю, каб ён працаваў. Але ж во бачыце – дачакала".

(Спадар: ) “Усе, усе сьвяткуюць: і праваслаўныя, і каталікі, і былыя камуністы крыж кладуць на сябе. Вельмі-вельмі важкае сьвята. Нараджэньне Хрыста ўжо ёсьць такая гісторыя, якую ніхто ніяк ня выкрасьліць з памяці людзкой".
XS
SM
MD
LG