Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАІНЫ БАЛТЫІ СКЛАЛІ “ЧОРНЫ СЬПІС” НЕПАЖАДАНЫХ ГАСЬЦЕЙ

Ігар Карней, Менск

Самы доўгі сьпіс падрыхтаваў дэпартамэнт міграцыі Літвы: амаль 4 тысячам замежнікам, пераважна з суседніх краінаў, часова ці назаўсёды забаронены ўезд на тэрыторыю Літвы. У латыскім сьпісе пэрсонаў “нон-грата” 2500, а ў эстонскім — 1130. Зьяўленьне “чорных сьпісаў” у Літве, Латвіі і Эстоніі абумоўленае далучэньнем гэтых краінаў да Эўразьвязу, і мае на мэце не пусьціць у свае краіны і далей на Захад крымінальных злачынцаў, людзей, падазраваных у дачыненьнях з мафіяй, а таксама міжнародных тэрарыстаў. Між тым, у гэтыя сьпісы патрапілі таксама і асобныя палітыкі. Вось што сказаў у размове са мной супрацоўнік палітычнага дэпартамэнту Міністэрства замежных справаў Латвіі Дайніс Муканс.

(Муканс: ) “Падставай дзеля забароны на ўезд ёсьць пераважна крымінальныя злачынствы ці інфармацыя аб тым, што пэўныя асобы займаюцца “адмываньнем грошай”, зьвязаныя з мафіяй і г.д. У пераважнай бальшыні забароны тычацца крымінальнікаў. Меншая частка — паводле палітычных прычынаў. Той жа расейскі палітык Уладзімер Жырыноўскі — гэта, натуральна, не крымінальны выпадак, а яскрава палітычны, і захады зробленыя на падставе антылатыскіх заяваў, якія ён рабіў у зьвязку з расейскамоўным насельніцтвам краіны. Альбо яшчэ адзін вядомы расеец, сьпявак Іосіф Кабзон — яго таксама ня пусьцяць у Латвію, паколькі Злучаныя Штаты абвінавачваюць яго ў дачыненьнях з мафіяй. А наконт Беларусі? Латвія падтрымлівае пазыцыю Эўразьвязу адносна вышэйшых беларускіх кіраўнікоў, паколькі Латвія далучаецца да Эўразьвязу і хочаш-ня хочаш, а трэба падпарадкоўвацца агульным прынцыпам, агульным законам”.

Тэрміны забароны на ўезд, акрэсьленыя міждзяржаўнымі пагадненьнямі, дастаткова жорсткія. Прыкладам, Эстонія ўсяго толькі за парушэньне візавага рэжыму забараняе ўезд на сваю тэрыторыю аж на 10 гадоў. Але самы горшы варыянт — забарона ўезду назаўсёды. У той ж Эстоніі гэтая норма ўжо дзейнічае для 250 замежнікаў. Іміграцыйныя службы канкрэтных прозьвішчаў не называюць, але пацьвердзілі, што сярод іх ёсьць і грамадзяне Беларусі.
XS
SM
MD
LG