Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ З АДМІНІСТРАЦЫЙНАЙ МАПЫ МОЖА ЗЬНІКНУЦЬ ШЭСЬЦЬ РАЁНАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле дзяржаўных праектаў, зьліквідаваныя павінны быць тыя раёны, дзе пражывае меней за 20 тысячаў жыхароў. На Гомельшчыне такіх раёнаў шэсьць. Чатыры зь іх – Брагінскі, Нараўлянскі, Чачэрскі і Кармянскі – страцілі каля паловы насельніцтва ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. Многія жыхары проста пакінулі свае забруджаныя паселішчы. Цяпер Брагінскі раён мяркуюць далучыць да Хойніцкага, Нараўлянскі – да Ельскага. Ёсьць намер аб`яднаць Кармянскі і Чачэрскі раёны альбо далучыць іх паасобку да Рагачоўскага і Буда-Кашалёўскага.

Аднак на сэсіях дэпутаты выказаліся супраць падобнай рэарганізацыі. Распавядае старшыня Чачэрскага райсавету Генадзь Казлоў:

(Казлоў: ) “Адно рашэньне прынялі дэпутаты – лічыць немэтазгодным далучэньне. На сесіі выступілі 11 дэпутатаў. Усе яны казалі: калі раён скасуюць, у райцэнтры адразу ж узрасьце беспрацоўе. І без таго небагатыя людзі вымушаны будуць траціць дадатковыя сродкі і час на транспарт. Вырастуць выдаткі на тэлефонныя размовы. Моладзь стане пакідаць няпэрспэктыўны Чачэрск. Канечне, ад скарачэньня дзяржаўнага апарату нейкая эканомія сродкаў будзе. Але калі падлічыць, колькі грошай трэба будзе выплаціць беспрацоўным, колькі будынкаў прыйдзе ў заняпад, эканомія абернецца выдаткамі. І галоўнае, страціцца статус раёну як пацярпелага ад Чарнобыльскай катастрофы, а разам з гэтым – датацыі, адрасная дапамога з боку дзяржавы”.

У сьпіс непэрспэктыўных патрапілі таксама і два адносна чыстыя раёны – Лоеўскі і Акцябрскі. Першы зь іх хочуць далучыць да Рэчыцкага раёну, другі – да Сьветлагорскага.

Старшыня Лоеўскага райсавету Сяргей Дзямідзенка паінфармаваў наша радыё, што з трох тысячаў апытаных жыхароў раёну толькі 3 адсоткі выказаліся за далучэньне да суседзяў. Гэта пераважна жыхары вёсак, што мяжуюць з Рэчыцкім раёнам.

Ёсьць меркаваньне, што цяперашняя рэарганізацыя задуманая перш за ўсё дзеля таго, каб штучна скараціць колькасьць пацярпелых ад Чарнобылю раёнаў. Гаворыць старшыня Кармянскага раённага Савету Мікалай Прытычэнка:

(Прытычэнка: ) “Канечне, Чарнобыльскіх раёнаў стане меней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG