Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ГУМАНІТАРНЫ ЛІЦЭЙ ІМЯ Я. КОЛАСА ПАЧАЎ ЗАНЯТКІ Ў ВІЛЬНІ


Тацяна Поклад, Вільня

Сёньня ў будынку Віленскага ліцэю, пасьля невялікай прывітальнай урачыстасьці, пачаліся заняткі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа. Беларускіх ліцэістаў віталі дырэктар і пэдагогі Віленскага ліцэю. У літоўскіх ліцэістаў пачаліся калядныя вакацыі, і іх будынак цалкам аддадзены для беларускіх калегаў.

Навучэнцы і выкладчыкі Нацыянальнага ліцэю зь Менску прыехалі ў Вільню у поўным складзе, усяго – 130 чалавек. Дырэктар гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас распавядае, чаму калектыў Ліцэю, які ад пачатку гэтага навучальнага году ня мае сталага памяшканьня для заняткаў, сабраўся ў Вільні:

(У.Колас: ) “Галоўная мэта – пабыць разам, адчуць нашую еднасьць. І даць магчымасьць павучыцца у нармальных умовах. Гэтая ідэя нарадзілася раней, калі прадумвалі шляхі існаваньня ў тых абставінах, у якія нас паставілі улады. І нарадзілася такая ідэя – выяжджаць у іншыя краіны падчас вакацыяў у гэтай краіне, калі там пусьцеюць школы, інтэрнаты, і там павучыцца. Мы запыталіся пра гэта ў нашых калегаў у шэрагу краінаў, і атрымалі станоўчыя адказы. Так што, я спадзяюся, гэта – не апошняя такая вучнёўская сэсія. Мы адчуваем, што нашыя праблемы – блізкія ня толькі нам, нашая справа ня толькі нам дарагая. Такую сяброўскую падтрымку мы адчуваем у Літве, і вельмі ўдзячныя за гэтую падтрымку”.

Калектыў Ліцэю жыве ў будынку інтэрнату Літоўскага дому – навучальнай установы для літоўцаў, якія жывуць за межамі Літвы. Цяпер усе яны разьехаліся на калядныя вакацыі, і Літоўскі дом мусіць зрабіцца на два тыдні Беларускім. Сёньня ў Вільні ідзе дождж, моцны вецер, даволі сьцюдзёна. У будынку інтэрнату Літоўскага дому, як кажуць ліцэісты, халодна і яшчэ ня вырашаныя некаторыя побытавыя праблемы (пакуль у інтэрнаце ня дзейнічае душ).

Першыя ўражаньні ліцэістаў: ”Пакуль радасьці мала – мы вельмі рана прачнуліся і вельмі мерзьлі ў інтэрнаце. У нас было вельмі халодна”. “Класна, такія ўмовы спартанскія. Але – вельмі цікава, думаю, ўсё будзе суперскі, пазнаёмімся з тутэйшымі людзьмі, з культурай, з мовай. У нашай сытуацыі, асабліва пасьля таго, як нам было ў Менску, – бытавыя праблемы – гэта апошняе, пра што можна думаць”.

Міністэрства замежных справаў Літвы паабяцала вырашыць побытавыя праблемы. Менавіта літоўскі МЗС апякуецца прыездам калектыву Ліцэю. Дырэктар Ліцэю Ўладзімер Колас адзначыў, што ня толькі літоўскі ўрад спрычыніўся да арганізацыі вучнёўскай сэсіі Ліцэю у Вільні, але і многія літоўскія калегі-пэдагогі, беларускія грамадзкія арганізацыі. У Вільні ў ліцэістаў будуць і некалькі новых выкладчыкаў.

(У. Колас: ) “Вось сп. Сяржук Вітушка (зь Вільні) – ён будзе працаваць у часе нашай цяперашняй вучнёўскай сэсіі, будзе выкладаць гісторыю”.

Ліцэісты пакажуць у Вільні сваю пастаноўку “Паўлінкі”. Гэта ўжо другі спэктакль ліцэістаў у Вільні – некалькі гадоў таму на сцэне Віленскага тэатру быў паказаны “Народны Альбом”.

Ліцэісты і выкладчыкі будуць займацца на вучнёўскай сэсіі і жыць у Вільні да 4 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG