Як паведамілі ў прэсавых службах Міністэрства ўнутраных справаў і Пракуратуры Беларусі, яны дагэтуль не атрымалі тэксту папярэдняга мэмарандуму “Зьніклыя асобы ў Беларусі”. Нагадаю, што аўтар мэмарандуму Хрыстас Пургурыдэс, у прыватнасьці, прапанаваў ПАРЭ патрабаваць адстаўкі генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Прэсавы сакратар апошняга Юры Азаронак заявіў пра стаўленьне свайго шэфа да мэмарандуму:
(Азаронак: ) “Я ня думаю, што такі салідны чалавек як Віктар Уладзімеравіч будзе камэнтаваць заявы Пургурыдэса, які пабыў тры дні ў рэспубліцы, вынес абвінаваўчае заключэньне ды пакаціў. Ня думаю”.
Гэтыя словы спадара Азаронка перакрэсьліваюць усе спадзяваньні Хрыстаса Пургурыдэса, які чакае да 10 студзеня камэнтароў ад беларускіх уладаў да свайго мэмарандуму, найперш ад тых асобаў, якія там часта згадваюцца. Спадар Пургурыдэс пасьля парыскага паседжаньня камітэту ПАРЭ паведаміў, што тэкст мэмарандуму быў перададзены афіцыйнаму Менску праз амбасаду Беларусі ў Парыжы. Але вось што заявіў пра гэта дзяжурны гэтай амбасады:
(Дзяжурны: ) “Заява такая ад спадара Пургурыдэса сапраўды гучала, але адносна мэханізму яго суправаджэньня вы зусім не па адрасе тэлефануеце. Падчас паседжаньня прадстаўнік амбасады прысутнічаў, але афіцыйна гэты дакумэнт мусіць ісьці ад імя, як вы разумееце, ПАРЭ”.
Аднак прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў, што амбасадар Беларусі ў Францыі Ўладзімер Сянько тэкст мэмарандуму спадара Пургурыдэса атрымаў:
(Савіных: ) “Мне пацьвердзілі, што Сяньку сапраўды ён перададзены. Але мы пакуль фізычна яго не атрымалі. То бок мы чакаем, што ён будзе перададзены нам з Парыжу — можа, нават найбліжэйшымі днямі. Зараз папросту гэты афіцыйны дакумэнт павінен афіцыйна даехаць да МЗС. Ня ведаю, які будзе абраны варыянт, таму што дыппоштай у нас даволі доўга можа быць”.
Супрацоўнікі сакратарыяту ПАРЭ мяркуюць, што сытуацыя складваецца даволі дзіўная, бо Хрыстас Пургурыдэс вельмі апэратыўна напісаў свой папярэдні мэмарандум і прасіў тэрмінова даслаць яго ў Менск. У Страсбуры кажуць, што беларускія ўлады наўмысна не сьпяшаюцца з адказам, бо неўзабаве будуць калядныя сьвяты. Сакратарыят ПАРЭ са зьдзіўленьнем даведаўся, што першы тыдзень студзеня ў Беларусі ніхто працаваць ня будзе, хаця менавіта гэты час спадар Пургурыдэс вызначыў як крайні для адказу афіцыйнага Менску.