Спачатку пра каляндарныя даты ўчорашняе нядзелі.
21 сьнежня споўнілася 90 гадоў з дня выхаду ў сьвет першага і адзінага зборніка паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок”. Зборнік быў надрукаваны ў Вільні накладам дзьве тысячы асобнікаў і стаў самай папулярнай і любімай беларускай паэтычнай кнігай на ўсе часы. Паміраючы, Максім Багдановіч пісаў:
Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 21 сьнежня, згадаем сёньня францускага драматурга Жан-Батыста Расіна, шатляндзкага батаніка Робэрта Броўна, імем якога названы броўнаўскі рух, беларускага культурнага героя Тамаша Зана, савецкага тырана Іосіфа Сталіна і беларускага кампазытара Мікалая Аладава. Яшчэ ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя Аладаў наўмысна пісаў творы ў тых жанрах, якіх датуль у беларускай музыцы не было.
Цяпер – сёньняшні каляндар.
22 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ганна. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч, гэты дзень узаконьваў пераход селяніна на зімовы транспарт, пра што сьведчыць і прымаўка: “На Ганкі сядайце на санкі”. Афіцыйна сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень энэргетыка.
22 сьнежня 1216 году папа рымскі Ганоры ІІІ зацьвярджае ордэн вандроўных казаньнікаў дамініканцаў. Заснавальнікам ордэна быў гішпанскі шляхціц Дамінік. Чальцы новага ордэну называлі сябе “божымі псамі“, а на іхным сьцягу былі выяўленыя сабакі, якія разрываюць на часткі целы ерэтыкоў. Кляштары даманіканцаў даволі густа пакрывалі некалі ўсю тэрыторыю Беларусі. Нямала іх засталося і сёньня -- як правіла гэта выдатныя помнікі архітэктуры. Дарэчы, якраз браты-дамініканцы прыдумалі гульню ў даміно.
22 сьнежня 1917 году ў Менску быў створаны Выканаўчы камітэт Першага Ўсебеларускага зьезду. Неўзабаве зьезд будзе разагнаны бальшавікамі і ўсе ягоныя паўнамоцтвы будзе выконваць Выканкам, дзейнасьць якога прывядзе да абвяшчэньня ў сакавіку наступнага году незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
22 сьнежня 1922 году нарадзілася беларуская пісьменьніца Алена Васілевіч. Таксама сёньня спаўняецца 75 гадоў беларускаму гісторыку Марату Батвінніку, які найбольш вядомы як гісторык кніжнай культуры.