Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГЛЫЯ СЬВЯТКАВАНЬНІ — СПАКУСА ДЛЯ АМАТАРАЎ ВЫПІЦЬ


Ганна Соусь, Менск

Упершыню ў Беларусі будуць такія доўгія вакацыі з нагоды Калядаў і Новага году — сем дзён з 1 па 7 студзеня. Як паведаміла праэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, гэта робіцца дзеля рацыянальнай і эфэктыўнай арганізацыі працы ў студзені. Апытаныя мной выпадковыя мінакі па-рознаму паставіліся да пэрспэктывы доўгага сьвяточнага адпачынку:

(Спадарыня: ) “Я да гэтых дзён стаўлюся вельмі нэгатыўна, я не задаволеная такім рашэньнем нашага ўраду. Таму што няма чаго рабіць. Надвор’е ня тое, што ўлетку, каб можна было неяк свой вольны час заняць. Таму я нават ня ведаю, што буду рабіць. А людзі будуць сьпівацца, нацыя працягне сьпівацца”.

(Спадар: ) “Давядзецца лынды біць, таму што так шмат выходных — гэта занадта”.

(Спадар: ) “Нічога ня буду рабіць, бо я маю цяпер вакацыі. Буду гуляць, піць, есьці…”

(Спадар: ) “Заплянаваны шэраг паездак на прыроду. Шашлык зробім, будзем фаервэркі рабіць, весяліцца”.

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта будуць ня вельмі свабодныя дні, буду рыхтавацца да іспыту. Мы студэнты БДУ, і таму цяжка здаваць іспыты, асабліва па спэцыяльнасьці. Таму гэтыя выходныя больш для працоўнага насельніцтва, чым для нас, студэнтаў”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта добра для народу, але нядобра для краіны. У гэты час моцна падае жаданьне працаваць”.

(Спадар: ) “Гэта вельмі добра, што ў нас зьявіліся вялікія выходныя. Менавіта я буду вельмі шмат чытаць, слухаць музыку, расслабляцца. Усе мы, беларусы, вельмі шмат працуем, і нам трэба больш адпачываць”.

(Спадар: ) “Гуляць, гуляць, сустракаць Новы год!”

(Спадарыня: ) “Неяк вельмі шмат будзе свабоднага часу для людзей. Для мяне ў маладосьці гэта было б нядобра”.

(Спадар: ) “Буду адпачываць, піва піць. Складана будзе адыходзіць пасьля такіх доўгіх вакацыяў”.

(Спадар: ) “Наведаем сваякоў, пасядзім за сталом, успомнім сваіх бацькоў”.

(Спадарыня: ) “Я буду глядзець хворую дачку і маці таксама, таму пэрспэктывы ня вельмі радасныя”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, мне б на працу лепей. Мне ня вельмі зручна гэта. Гуляць будзем. Сходзім на Камсамольскае возера, Менскае мора, зьезьдзім на лецішча”.

(Спадарыня: ) “Як у кожнай жанчыны, ёсьць процьма справаў, якія рабіць і не перарабіць. А калі ёсьць яшчэ й справы для душы, то ня будзе праблемы, чым сябе заняць”.

(Спадар: ) “Дарма гэта — поўны тыдзень. Што буду рабіць? Тэлевізар глядзець. Але я пэнсіянэр, а для працоўных няўжо патрэбны гэты тыдзень? Няўжо ў нас так палепшылася жыцьцё ў Беларусі? Пагулялі бы дні тры, а так цэлы тыдзень…”

(Карэспандэнтка: ) “А што людзі будуць рабіць, як вы лічыце?”

(Спадар: ) “Піць гарэлку, што яшчэ рабіць. Народ спаілі, разумееце”.

Гэтак зьбіраюцца бавіць калядныя вакацыі апытаныя мной менчукі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG