Управа юстыцыі Менскага гарвыканкаму вынесла Незалежнаму таварыству тры папярэджаньні. Гэтага дастаткова, каб ліквідаваць арганізацыю ў судовым парадку. Але два з гэтых папярэджаньняў актывісты арганізацыі палічылі неабгрунтаванымі. У адным зь іх таварыства абвінавачваецца ў перашкодзе чыноўніку Мінюсту Аляксандру Харытону праводзіць праверку арганізацыі “Next Stop New Life”, у другім — у незаконнасьці публікацыі матэрыялу ў незарэгістраваным часопісе “Асамблея”.
Менскі гарадзкі суд прызнаў слушнасьць і абгрунтаванасьць папярэджаньняў ды пачаў разглядаць справу аб ліквідацыі таварыства. Але сябры таварыства падалі скаргу ў Вярхоўны суд. 22 сьнежня калегія ў складзе судзьдзяў Жукоўскай, Кулік і Бабкова разгледзела гэтую скаргу і пакінула ў сіле рашэньне гарадзкога суду. Старшыня Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў Алена Танкачова так пракамэнтавала гэтае рашэньне:
(Танкачова: ) “Я ўпэўненая, што Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў, якое працуе з 1996 году са шматлікімі грамадзкімі арганізацыямі і аказвае ім юрыдычную дапамогу, проста ператварылася ў пэўным сэнсе ў цэнтар уплыву. Бясспрэчна, гэтае становішча не задавальняе органы юстыцыі. Таму ідзе зачыстка любых уплывовых групаў. Калі падыходзіць да гэтага з гумарам, то мы разглядаем гэта як прызнаньне нашых заслугаў”.
Разгляд скаргі асацыяці “Асамблея” судзьдзя Вярхоўнага суду Сьвятлана Яхнавец пачала нетрадыцыйна. Яна павіншавала ўсіх прысутных з надыходнымі Калядамі й Новым годам ды папрасіла “Пана Езуса Хрыстуса дапамагчы разгледзець гэтую справу ў ладзе, згодзе й міры”.
Акывісты асацыяцыі “Асамблея” прасілі суд адмяніць рашэньне Мінюсту, які адмовіў асацыяцыі ў рэгістрацыі. Судзьдзя Яхнавец была зьдзіўленая, што чыноўнікі Мінюсту паўтара году не разглядалі дакумэнтаў асацыяцыі, хаця й ня мелі да іх ніякіх прэтэнзіяў, а пасьля нематывавана адмовілі ў рэгістрацыі.
На думку судзьдзі, рашэньне Мінюсту, што грунтавалася на рашэньні спэцыяльнай камісіі на чале з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Алегам Праляскоўскім, ёсьць бязглузьдзіцай. У перапынку старшыня рабочай групы “Асамблеі” Алесь Бяляцкі сказаў у інтэрвію беларускай “Свабодзе”:
(Бяляцкі: ) “Відавочна, што падставы Мінюсту, паводле якіх незарэгістраваная “Асамблея”, ня ёсьць законнымі й недастаткова прыстойна падрыхтаванымі. Такім чынам, мы бачым, як прафануецца сама ідэя выкананьня заканадаўства ў нашай дзяржаве”.
Ніводная падобная скарга яшчэ не была задаволеная, і Алесь Бяляцкі думае, што Вярхоўны суд ня будзе ствараць прэцэдэнту. Рашэньне ў гэтай справе будзе прынятае днямі.