Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА КОЛЬКАСЬЦЬ ВІЧ-ІНФІКАВАНЫХ ДЗЯЦЕЙ

Галіна Абакунчык, Менск

Пра першых ВІЧ-інфікаваных дзяцей айчынныя мэдыкі ведаюць толькі тое, што да 1996 году іх было шэсьць. З таго часу колькасьць невылечна хворых немаўлят стала імкліва расьці: у 1999 годзе такіх зьявілася 40, у 2001 — 66, сёлета — 80 дзяцей. Усе яны пэрыядычна праходзяць курс лекаваньня ў менскім інфэкцыйным шпіталі. Аднак зьвесткі пра гэта трымаюцца ў вялікім сакрэце. Гаворыць галоўны лекар шпіталю Вольга Грыневіч:

(Грыневіч: ) “Дзеці, народжаныя ад ВІЧ-інфікаваных мацярок — ёсьць такія. Два тыдні, і яны сыходзяць, і гэтыя гісторыі хваробы ніколі нікому не выдаюцца. У нас яны нават па аналізах ідуць ананімна — бяз назваў адрасоў, імёнаў і прозьвішчаў. Усе, хто ў нас лекуецца, маюць права быць упэўненымі, што мы не распавядзём цётцы Мані, як ейны сусед ляжаў у нас зь мэнінгітам. Гэта ўжо права бацькоў — казаць ім пра тое, што іхнае дзіця хворае на ВІЧ-інфэкцыю, ці пра гэта прамаўчаць”.

Паводле спадарыні Грыневіч, бацькі вельмі клапоцяцца пра здароўе хворых дзяцей і актыўна іх лекуюць: штодня дзіця тройчы мусіць прымаць лекі, пры абвастрэньні хваробы яго шпіталізуюць. Поўны тэрапэўтычны курс доўжыцца год і каштуе тысячу даляраў, а таму лекаў не хапае. Тым ня менш, афіцыйны дыягназ — СНІД — пастаўлены толькі тром памерлым дзецям. Іншыя пакідаюць гэты сьвет на першых месяцах жыцьця, калі дыягназ афіцыйна яшчэ ня выстаўлены. Тым, каму пашчасьціла пражыць 5–10 гадоў, наведваюць садок і школу, але бацькі ўтойваюць хваробу малых. Гаворыць загадчыца аддзелу Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІД Вольга Жданоўская:

(Жданоўская: ) “Многія ходзяць у дзіцячыя садкі, некаторыя пайшлі ў школы нароўні зь іншымі. Безумоўна, у ВІЧ-пазытыўных дзяцей узьнікае цэлы комплекс сацяльных і псыхалягічных праблемаў. Многія зь іх яны атрымалі ад сваіх ВІЧ-інфікаваных бацькоў, а многія набываюць у сваім сацыяльным атачэньні. Бо не заўсёды можна захаваць таямніцу дыягназу, хоць гэта надзвычайны выпадак, калі такая інфармацыя распаўсюджваецца. У такім выпадку ВІЧ-адмоўныя ня змогуць заўсёды адэкватна адрэагаваць на ВІЧ-станоўчае дзіця”.

Пацьверджаньнем яе словаў ёсьць прыклад 18-гадовай Сьвятланы. Дзяўчына кажа, што захварэла на ВІЧ-інфэкцыю праз ужываньне наркотыкаў некалькі гадоў таму. Яе цяперашняя адкрытасьць — сьвядомае змаганьне за жыцьцё, але за дзіцячыя памылкі давялося дорага заплаціць.

(Сьвятлана: ) “Я не хацела жыць, бо ў мяне такая хвароба. І ад нас адварочваюцца, бо мы захварэлі праз наркотыкі, мы нікому не патрэбныя. Многія блізкія людзі й нават родныя паставілі крыж на мне”.

Ці ляяльныя да ВІЧ-інфікаваных дзяцей дарослыя? Я паспрабавала высьветліць на вуліцах гораду, задаваўшы мінакам пытаньне: што б вы рабілі, каб вашае дзіця хадзіла ў садок ці школку з хворымі на СНІД? Адказы былі такія:

(Спадарыня: ) “Я бы не хацела, каб мая ўнучка была з гэткімі дзецьмі. Для іх, напэўна патрэбныя спэцыялізаваныя лячэбныя садкі рабіць. Я бы перавяла сваю ўнучку ў іншы садок. Гэта жорстка, але гэта так”.

(Спадарыня: ) “Я асабіста ня супраць — што ж рабіць, калі так атрымалася. Сэрцам я гэта разумею, а што бы рабіла — ня ведаю. Баялася бы, напэўна”.

“Што сілкуе вірус СНІДУ? — Дэфіцыт маральнасьці” — пад такімі загалоўкамі выходзілі газэтныя артыкулы пры канцы 1980-х у былым СССР. Мелася на ўвазе, што хварэюць наркаманы й людзі “лёгкіх паводзінаў”. Сёньня мэдыкі канстатуюць, што межы паміж маргінальнымі групамі й астатнім грамадзтвам зьніклі. Нязьменным застаецца толькі страх і варожасьць да хворых людзей, не зважаючы на іх узрост. Гаворыць кіраўніца Хрысьціянскага дзіцячага фонду Ірына Міронава:

(Міронава: ) “Я езьдзіла зь ВІЧ-інфікаваным хлопчыкам у Канаду па праекце. Ён прыехаў туды з флюсам. Я кажу: ну, ты ж ведаў, што едзеш у Канаду, чаму ты зуба не палячыў? А ён кажа — а мне ня лечаць зубы. Ён сказаў зубной лекарцы пра сваю хваробу, і як толькі яна гэта пачула, адразу кінула інструмэнты і сказала: што хочаш са мною рабі, але ў мяне ёсьць дзеці і я не хачу рызыкаваць. Мы хацелі таксама зладзіць для ВІЧ-інфікаваных дзяцей і іх бацькоў летнік. Але нам сказалі, што ніхто туды не паедзе. Бо яны настолькі баяцца дыскрымінацыі ў адносінах сваіх дзяцей, што пра гэта нават не гавораць”.

Хворыя на ВІЧ — такія ж людзі, як і астатнія, толькі асуджаныя на сьмерць, — кажуцьмэдыкі. І праз гэта нічым ня розьняцца ад іншых невылечна хворых. Аднак стаўленьне да іх інакшае і выправіць гэткае становішча немагчыма праз загады і прымус, — кажа супрацоўніца прадстаўніцтва ЮНІСЭФ у Беларусі Юлія Навічонак.

(Навічонак: ) “Хвароба мала адрозьніваецца ад гепатыту, але хворыя на гепатыт альбо на рак атрымліваюць і спачуваньне, і падтрымку грамадзтва. Хворыя на ВІЧ — адрынутыя ад грамадзтва. Я думаю, што гэта адбываецца ад недахопу інфармацыі. У нас ёсьць партнэры ў сфэры мастацтва, якія прапаноўваюць моладзі новую мадэль паводзінаў. Максім Мірны — лепшай ілюстрацыі й быць ня можа. Ён трымае здаровы лад жыцьця, ён супэрпапулярны ня толькі ў Беларусі, але й ва ўсім сьвеце. Ягонае меркаваньне вельмі важкае, і на такіх прыкладах вельмі моцна можна зьмяняць паводзіны грамадзтва”.

На сёньня ў сьвеце 2,5 мільёна дзяцей хворыя на ВІЧ-інфэкцыю і СНІД. Адзін мільён жыве ў краінах былога СССР. Толькі сёлета 500 тысяч малых памерлі.
XS
SM
MD
LG