Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З СЭЙФУ НАЧАЛЬНІКА КРЫМІНАЛЬНАГА ВЫШУКУ ЛЁЗЬНЕНСКАГА РАУС ЗЬНІКЛІ 320 МАНЭТ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Спадарыня Сулецкая распавяла, што 320 старажытных манэтаў, знойдзеныя ў кастрычніку 2002 году жыхаром вёскі Зачэрня Лёзьненскага раёну ды перададзеныя ім дзяржаве, маглі б ня толькі стаць гонарам экспазыцыі Лёзьненскага вайскова-гістарычнага музэю, але й паспрыяць зьдзяйсьненью новых адкрыцьцяў у гісторыі беларускага сярэднявечча.

(Сулецкая: ) “Гэты скарб вельмі каштоўны для навукі! І не таму, што ён срэбны, а таму што гэта, паводле даты выхаду, адны зь першых талераў Вялікага Княства Літоўскага. І, магчыма, ён сьведчыць пра невядомыя дагэтуль гандлёвыя шляхі”.

Супрацоўнікі лёзьненскага музэю меркавалі зьмясьціць скарб у новай экспазыцыі, адкрыцьця якой чакалі пасьля рамонту. Адкрыцьцё адбылося 10 кастрычніка. Напярэдадні дырэктарка музэю Вольга Самушчанка прайшла ў міліцыю па будучыя экспанаты і даведалася, што здарылася якраз тое, чаго хацелі пазьбегнуць: скарб зьнік. Надзея Сулецкая працягвае:

(Сулецкая: ) “Музэйныя супрацоўнікі вельмі турбаваліся, ці захаваецца скарб у міліцыі, бо ад самага пачатку самі міліцыянты прапаноўвалі музэйным супрацоўнікам прадаць яго ды падзяліць грошы. Таму яны прапанавалі арэндаваць сэйф у банку, аднак гарвыканкам адмовіў: маўляў, нашто нам яшчэ лішнія грошы плаціць, няхай ляжыць у міліцыі. Гэта сэнсацыя й вялікі скандал: каб зьнік скарб з сэйфу начальніка крымінальнага вышуку, і ніхто ня ведае — куды!”

Начальнік Лёзьненскага раённага аддзяленьня міліцыі Міхаіл Архіпаў у часе тэлефоннае размовы пацьвердзіў факт зьнікненьня скарбу, аднак камэнтаваць яго адмовіўся.

(Карэспандэнтка: ) “Як нам стала вядома, два месяцы таму з будынку раённага аддзяленьня міліцыі зьнік скарб — манэты Вялікага Княства Літоўскага…”

(Архіпаў: ) “Так, такі факт быў. Але вы не нагнятайце абстаноўкі. Вось вы гаворыце “скарб”, нейкае Княства Літоўскае, якога ўвогуле ніколі не было, разумееце?”

(Карэспандэнтка: ) “А як вы можаце пракамэнтаваць гэты факт: з кабінэту начальніка крымінальнага вышуку зьнікла дзяржаўная маёмасьць — скарб, перададзены дзяржаве?”

Апошняе пытаньне начальнік Лёзьненскага аддзяленьня міліцыі пакінуў без адказу.

Загадчыца раённага аддзелу культуры Марыя Казакевіч атрымала ад яго пісьмовае паведамленьне, што з прычыны зьнікненьня скарбу праведзеная ўнутраная праверка, якая, аднак, не дапамагла вызначыць месца знаходжаньня скарбу. Аляксандру Шальцу, начальніку крымінальнага вышуку ды гаспадару кабінэту №10, зь якога зьнікла каштоўная знаходка, абвешчаная службовая вымова.

У вуснай форме работнікам аддзелу культуры было прапанавана “не ўзьнімаць шуму”, што яны й зрабілі, не паведаміўшы нікому пра страту патэнцыйных музэйных экспанатаў.

Цяпер ад імя ўправы культуры Віцебскага аблвыканкаму Надзея Сулецкая даслала заявы ў абласную ўправу КГБ ды абласную пракуратуру з патрабаваньнем правесьці дадатковае расьсьледаваньне акалічнасьцяў зьнікненьня гістарычных каштоўнасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG