Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАЧАЛАСЯ ЭПІДЭМІЯ ГРЫПУ


Любоў Лунёва, Менск

Сёлета грып мае іншую геаграфію менавіта ў Беларусі. Раней грып да нас прыходзіў традыцыйна з Усходу. Нават калі ў Расеі грып меў цяжкую клініку захворваньня — падвышаны ціск, высокую тэмпэратуру і розныя ўскладненьні, то да нас ён даходзіў ужо не ў такім цяжкім выглядзе. Мэдыкі тлумачаць гэта тым, што вірус быў ужо аслаблены. Але сёлета грып амаль адначасова прыйшоў у Гарадзенскую вобласьць і ў Віцебскую.

Самае непрыемнае — магчыма, у нас дзьве формы вірусаў. На жаль, мэдыкі пакуль так і ня вызначыліся. Недзе праз тыдзень адпаведныя лябараторыі могуць даць пэўныя адказы. Грып распаўсюджваецца вельмі хутка. Эпідэміёлягі прагназуюць, што за сьвяточныя дні будуць ахопленыя ўсе рэгіёны Беларусі. Калі яшчэ ўлічыць, што будзе тыдзень выходных, якімі скарыстаюцца гараджане, каб наведаць сваякоў у вёсках ды дзяцей адвесьці на вакацыі, то сытуацыя яшчэ пагоршыцца.

Дзеці вельмі спадзяваліся на тое, што ў школах абвесьцяць карантын — каб хутчэй пачаць вакацыі. Але ніякага загаду наконт карантыну пакуль няма. Да вакацыяў застаецца літаральна тры дні, таму, відаць, вырашылі “дацягнуць” без закрыцьця на карантын, каб правесьці апошнія кантрольныя. Зразумела, менчукоў гэта ня цешыць. Але ў Віцебску сытуацыя з карантынам аказалася ня вельмі прыемная для выпускных клясаў. Паколькі звычайна кантрольныя праводзяцца пры канцы другой чвэрці й паводле гэтых адзнакаў ставяць агульныя адзнакі, то тут чыноўнікі ад адукацыі вырашылі не атэстоўваць вучняў. Пасьля карантыну выпускнікам прыйдзецца здаваць усе неабходныя тэсты цягам тыдня. Бацькі непакояцца, што гэта можа паўплываць на адзнакі.

Ці сёлетні грып адрозьніваецца ад леташняга? Я кансультавалася з мэдыкамі, спасылаючыся на афіцыйную статыстыку, якая вядзецца ў краінах Заходняй Эўропы. (Дарэчы, у нас яна таксама вядзецца, але як і ў савецкі час — для ўнутранага карыстаньня і шанцы атрымаць лічбы ў чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя амаль такія ж, як і ад іх калегаў зь Міністэрства абароны.) Але мэдыкі кажуць, што сёлетні грып мае даволі агрэсіўны вірус і небясьпечны для дзяцей і людзей сталага ўзросту менавіта ўскладненьнямі, якія могуць быць самымі рознымі — ад запаленьня лёгкіх, артрытаў да арытміі сэрца і стэнакардыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG