Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ ЗЬМЕНШЫЛІСЯ ПАМЕРЫ ГРАШОВЫХ ПАКАРАНЬНЯЎ ЗА ПАРУШЭНЬНІ ПРАВІЛАЎ ДАРОЖНАГА РУХУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Дагэтуль у Польшчы быў вызначаны мінімальны і максымальны памер грашовага пакараньня за кожнае парушэньне, і кіроўца мог у кожным канкрэтным выпадку дыскутаваць з паліцыянтам што да памеру штрафу.

Цяпер за парушэньні правілаў дарожнага руху трэба будзе плаціць менш, але дакладна вызначаную суму, без магчымасьці перамоваў.

Прыкладам, калі раней за язду без зашпіленых паясоў бясьпекі максымальны памер штрафу быў прыкладна 40 даляраў, то цяпер – каля 25. Абгон у забароненых месцах будзе каштаваць кіроўцам 50 даляраў (было – 125), а за размову праз мабільны тэлефон у часе руху трэба будзе заплаціць 50 даляраў.

Ёсьць, аднак, адзіны выпадак, у якім пра памер штрафу можна будзе спрачацца. Гаворыць супрацоўнік дарожнай паліцыі ў Варшаве Мацей Яворскі.

(Паліцыянт: ) “Гандлявацца можна будзе ў выпадку перавышэньня хуткасьці. Тут памер штрафу складае ад 50 злотых (каля 13 даляраў) да 500 злотых (каля130 даляраў) і існуе магчымасьць рознага падыходу да кіроўцы. Важна, прыкладам, ці раскайваецца парушальнік у тым, што ён зрабіў”.

Паводле ягоных словаў, перад тым як паліцыянт выпіша штраф за перавышэньне хуткасьці, ён мусіць узяць пад увагу ўзровень небясьпекі, якую стварыў сваімі дзеяньнямі кіроўца, ці быў ён пакараны раней, узровень заробку кіроўцы, а таксама паводзіны ў часе затрыманьня.

Новая сыстэма штрафаў мусіць дапамагчы зьменшыць узровень карупцыі сярод паліцыянтаў. Дасьледаваньні паказваюць, што 15% палякаў прынамсі адзін раз у жыцьці давалі паліцыянтам хабар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG